«Віцебскхлебпрам» за студзень-ліпень інвеставаў у асноўны капітал больш за Br9 млрд.

10 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. РВУП "Віцебскхлебпрам" за студзень-ліпень інвеставала ў асноўны капітал больш за Br9 млрд., паведаміў карэспандэнту БЕЛТА галоўны інжынер аб'яднання Аляксандр Каралёў.

Сродкі былі накіраваны на закупку новага тэхналагічнага абсталявання, якое дазволіць знізіць энергаёмістасць працы прадпрыемстваў, пашырыць асартымент і павысіць якасць выпускаемай прадукцыі. Так, Віцебскі хлебазавод увёў у эксплуатацыю новую італьянскую лінію па вытворчасці сушак і палачак па-італьянску, на якой выпускаецца шэсць відаў сухарна-бараначных вырабаў. У цяперашні час выпрацоўка ў змену складае 200 кг палачак і 350 кг сушак у змену. З улікам растучага попыту на гэтыя вырабы ў далейшым аб'ём выпуску плануецца нарошчваць.

Полацкі хлебазавод рэалізуе праекты па пашырэнні вытворчасці падовых і жытніх гатункаў хлеба і газіфікацыі прадпрыемства, завяршыць якія намечана ў пачатку чацвёртага квартала. Мерапрыемствы па павышэнні энергаэфектыўнасці вядуцца таксама на Навалукомльскім і Верхнядзвінскім заводах. Аршанскі хлебазавод у мінулы перыяд набыў абсталяванне для кандытарскага цэха і прыступіў да рэканструкцыі памяшкання. Браслаўскі хлебазавод пачаў праектныя работы па мадэрнізацыі вытворчага корпуса, распавёў Аляксандр Каралёў, дадаўшы, што многія прадпрыемствы таксама накіравалі інвестыцыі на набыццё аўтатранспарту і развіццё ўласнай гандлю.

За студзень-ліпень 2011 года прадпрыемствы "Віцебскхлебпрама" вырабілі 32,4 тыс.т хлебабулачных і 1 тыс.т кандытарскіх вырабаў на Br103,7 млрд., што на 23,7% вышэй у параўнанні з аналагічным узроўнем мінулага года. Экспарт у Расію вырас больш чым на 90%. Рэнтабельнасць продажаў - 3,3%. Паказчык па энергазберажэнні пры заданні мінус 3% склаў мінус 3,5%.

У склад РВУП "Віцебскхлебпрам" уваходзяць 11 хлебазаводаў, будаўніча-мантажнае прадпрыемства "Віцебскхлеббуд" і сельскагаспадарчае прадпрыемства "Пражэктар". Сярэднеспісачная колькасць работнікаў прадпрыемства складае звыш 2,5 тыс. чалавек.-0-