«Віцязь» перадаў бытавую і медтэхніку віцебскім медустановам

Працоўны калектыў ААТ "Віцязь" далучыўся да дабрачыннага марафону дапамогі медыкам. Сёння на прадпрыемстве перадалі першую партыю бытавой і медыцынскай тэхнікі гарадскім медустановам, паведаміў журналістам генеральны дырэктар акцыянернага таварыства Генадзь Азараў.

На ўчастку зборкі бытавой і медыцынскай тэхнікі

Генеральны дырэктар ААТ "Віцязь" Генадзь Азараў

Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Мікалай Каспіровіч

На ўчастку зборкі бытавой і медыцынскай тэхнікі
На ўчастку зборкі бытавой і медыцынскай тэхнікі

Дабрачынная акцыя стартавала на прадпрыемстве на гэтым тыдні. За некалькі дзён была сабрана сума, неабходная для набыцця 15 мікрахвалевых печаў. Таксама ад прадпрыемства будуць перададзены медустановам 5 сухопаветраных тэрмастатаў, прызначаных для атрымання і падтрымання ўнутры працоўнай камеры стабільнай тэмпературы, неабходнай для правядзення бактэрыялагічных, мікрабіялагічных, санітарна-біялагічных, вірусалагічных і біяхімічных даследаванняў. Бытавая тэхніка паступіць у бальніцы горада, а тэрмастаты размеркаваны паміж лабараторыямі з найбольшай нагрузкай, дзе вядзецца дыягностыка каранавіруснай інфекцыі. Тры тэрмастаты перададуць у лабараторыю інфекцыйнай бальніцы і па адным - у лабараторыі абласнога цэнтра гігіены і цэнтра дэрматалогіі і касметалогіі, якія зараз працуюць практычна ў кругласутачным рэжыме.

Дырэктар інжынерна-вытворчага комплексу Аляксандр Сенькоўскі
Дырэктар інжынерна-вытворчага комплексу Аляксандр Сенькоўскі

Рэгуліроўшчык апаратуры Віталь Салаўёў
Рэгуліроўшчык апаратуры Віталь Салаўёў

"Акцыя атрымала вялікую падтрымку ў калектыве, таму будзе працягвацца. Па меры збору сродкаў мы і далей па ўзгадненні з аблздравам будзем закупляць і перадаваць неабходную медыкам тэхніку. Таксама мы заклікаем далучыцца да нашай ініцыятывы, прадукцыя для гэтых мэт будзе прадавацца па сабекошце", - падкрэсліў Генадзь Азараў.

Самыя шчырыя словы падзякі ўсім неабыякавым работнікам "Віцязя" і кіраўніцтву прадпрыемства ад імя медыкаў выказаў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Мікалай Каспіровіч. "Велізарны дзякуй усім, хто спрабуе палегчыць працу медыцынскіх работнікаў, дапамагае стварыць умовы для іх камфортнай працы. Ваша падтрымка і клопат каштоўныя, як ніколі, - падкрэсліў ён. - Добрых слоў шмат не бывае, таму хацелася б падзякаваць усім людзям, якія сёння аказваюць любую спонсарскую дапамогу, пералічваюць грошы на дабрачынныя рахункі бальніц. Мы вельмі ўдзячныя за ўдзел і цеплыню вашых сэрцаў".

Віцебскі тэлевізійны завод "Віцязь" утвораны ў 1976 годзе. У 2010-м прадпрыемства акцыянавана са 100%-най доляй дзяржавы ва ўстаўным фондзе. Сёння ААТ "Віцязь" - шматпрофільнае прадпрыемства, развівае 26 відаў дзейнасці, у тым ліку выпуск тэлевізійнай і бытавой тэхнікі, медыцынскага абсталявання, электразарадных станцый і іншых высокатэхналагічных вырабаў, а таксама шырокі спектр вытворчых паслуг. Па выніках 2019 года прадпрыемства спрацавала з чыстым прыбыткам, тэмп росту аб'ёму вытворчасці па індэксе фізічнага аб'ёму склаў каля 150%. Забяспечаны рост узроўню сярэдняй зарплаты прыкладна на 20%. На прадпрыемстве працуюць каля 1 тыс. чалавек.

БЕЛТА.