"Віцязь" у 2011 годзе плануе ўдвая павялічыць выпуск лічбавых прыставак і тэлевізараў
24 лютага, Мінск /Алена Дзямешкавіч - БЕЛТА/. ААТ "Віцязь" у 2011 годзе плануе ў два разы павялічыць аб'ём вытворчасці лічбавых тэлевізійных прыставак і лічбавых тэлевізараў. Пра гэта паведаміў сёння журналістам галоўны інжынер прадпрыемства Валерый Зайцаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
За 2010 год прадпрыемства вырабіла каля 13 тыс. лічбавых тэлевізійных прыставак стандартаў DVB-T/DVB-С са сцісканнем MPEG-2/MPEG-4 і больш за 4 тыс. лічбавых тэлевізараў стандарту DVB-T. "Мы, вядома, будзем павялічваць аб'ём вытворчасці - рынак усё роўна паступова расце. Я думаю, што ў бягучым годзе вырабім прадукцыі разы ў два больш", - сказаў ён.
Валерый Зайцаў адзначыў, што ААТ "Віцязь" першапачаткова актыўна ўдзельнічае ў лічбавізацыі рэспублікі. Пачынаючы з арганізацыі першага вяшчання ў стандарце MPEG2, былі распрацаваны і пастаўлены на вытворчасць адпаведныя прыстаўкі. "Затым, калі стандарт памянялі і прынялі рашэнне працаваць у MPEG4, была асвоена цэлая гама прыёмнікаў для прыёму лічбавага вяшчання. Сёння мы забяспечваем поўную гаму ўсіх прылад для прыёму", - распавёў ён.
У цяперашні час прадпрыемства выпускае лічбавыя тэлевізійныя прыстаўкі лічбавага тэлебачання стандарту DVB-T са сцісканнем MPEG-2/MPEG-4, гібрыдныя тэлевізары "Віцязь 32 LCD 831-4DP", "Віцязь 32 LCD 821-4DP", "Віцязь 26 LCD 831-4DP", здольныя прымаць і дэкадаваць сігналы як аналагавага, так і лічбавага тэлевізійнага вяшчання стандарту DVB-T са сцісканнем MPEG-2/MPEG-4. У чацвёртым квартале 2010 года на прадпрыемстве была скончана распрацоўка цюнера лічбавага тэлебачання высокага разрознення (HD) стандарту DVB-T са сцісканнем MPEG-2/MPEG-4.
У той жа час Валерый Зайцаў адзначыў, што адной з праблем для лічбавага вяшчання становіцца недастатковая інфармаванасць насельніцтва, асабліва ў сельскай мясцовасці. У будучыні аналагавае вяшчанне будзе адключана, і людзі павінны быць да гэтага гатовыя, а для гэтага трэба набыць альбо тэлевізар, здольны прымаць лічбавае вяшчанне, альбо прыстаўку.
DVB-T (англ. Digital Video Broadcasting - Terrestrial) - еўрапейскі стандарт эфірнага лічбавага вяшчання, адзін з сямейства стандартаў DVB. Выкарыстоўваецца ў розных дзяржавах для перадачы лічбавага тэлебачання і радыё.-0-