Віцэ-прэм'ер Беларусі праверыў, як праходзіць мадэрнізацыя на Віцебскім «Маналіце»
У ходзе рабочай паездкі ў Віцебск 11 снежня першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Васіль Мацюшэўскі высока ацаніў праводзімую мадэрнізацыю ў ААТ «Віцебскі завод радыёдэталяў «Маналіт», паабяцаўшы аказаць садзейнічанне ў рэалізацыі перспектыўных планаў высокатэхналагічнага прадпрыемства.
З 2012 года на заводзе рэалізуецца праект па мадэрнізацыі вытворчасці кандэнсатараў і тэрмарэзістараў з удзелам расійскага інвестара, на які ўжо накіравана звыш 3,8 млн долараў. У выніку, як адзначыў дырэктар «Маналіта» Акіф Гасымаў, прадпрыемству ўдалося зрабіць рывок у VI тэхналагічны ўклад, выпускаемая прадукцыя дазваляе не толькі захаваць, але і пашырыць прысутнасць віцебскага вытворцы на рынку пасіўных электронных кампанентаў.
Васіль Мацюшэўскі азнаёміўся з асноўнымі напрамкамі дзейнасці завода, пераканаўся ў маштабах работ па абнаўленні вытворчасці і затрымаўся на ўчастку ліцця і зборкі групы пакетаў — гэта месца, дзе збіраюць сэрца кандэнсатара на найноўшым абсталяванні славацкай фірмы «КEKO Equipment».
— Прадпрыемства вырабляе вельмі добрае ўражанне, гэта высокі ўзровень тэхналогій і класічны прыклад імпартазамяшчэння, — адзначыў у інтэрв'ю журналістам першы віцэ-прэм'ер. — Але галоўнае — тут прысутнічае разумная прыватная ініцыятыва, калі інвестар адказна ставіцца да ўдасканалення не толькі вытворчасці, але і бытавых умоў для калектыву.
Паралельна з тэхнічным пераўзбраеннем на «Маналіце» ідзе асваенне вырабаў, блізкіх па тэхналогіі да кандэнсатараў. Распрацоўваюцца прахадныя перашкодапаглынальныя фільтры, наладжваецца выпуск абмежавальнікаў перанапружання і палімерных ізалятараў. Так як прадпрыемства вельмі цесна звязана з супрацоўніцтвам з Расіяй, шэраг пытанняў перспектыўнага развіцця неабходна вырашаць на міждзяржаўным узроўні.
Акрамя візіту на «Маналіт», першы віцэ-прэм'ер правёў прыём прадстаўнікоў юрыдычных асоб у адміністрацыі Першамайскага раёна абласнога цэнтра.
Сяргей Антонаў. Фота Антона Сцепанішчава. «Віцебскія весці».