Віцэ-прэм'ер Наталля Качанава: «Трэба актыўней рэкламаваць турыстычны прадукт за мяжой і развіваць унутраны турызм»

Як развіваць індустрыю гасціннасці? Пра гэта гаварылі ў Полацку ўдзельнікі Міжведамаснага экспертна-каардынацыйнага савета па турызме (МЭКС) пад старшынствам намесніка прэм'ер-міністра Беларусі Наталлі Качанавай.

Па словах Наталлі Іванаўны, з Полацка пайшлі нашы гістарычныя і духоўныя карані, гэта сапраўдная Мекка для турыстаў. Унікальныя славутасці і святыя месцы прыцягваюць вялікую колькасць падарожнікаў. Але як выкарыстоўваць наяўны патэнцыял у поўнай меры і атрымліваць ад турыстычных паслуг больш эканамічнай выгады? Гэтыя пытанні і былі пастаўлены перад удзельнікамі міжведамаснага савета.

Спачатку госці прайшлі па горадзе ў якасці турыстаў і азнаёміліся з найбольш цікавымі пунктамі экскурсійных праграм. Дакрануцца да духоўных святыняў дазволіла наведванне Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра. А на тэрыторыі Верхняга замка былі закрануты пытанні далейшага развіцця турыстычнай інфраструктуры. Будынкі, дзе раней размяшчаліся корпусы гарадской бальніцы, цяпер пустуюць. Зацверджана канцэпцыя іх выкарыстання пасля рэканструкцыі, некаторыя страчаныя аб'екты плануецца аднавіць. Рэалізацыю планаў, як адзначыў у ходзе прэзентацыі намеснік старшыні райвыканкама Пётр Петкевіч, стрымлівае адсутнасць сродкаў. Вядзецца пошук інвестараў, але рэальна ўводзіцца ў строй толькі адзін аб'ект – гасцінічны комплекс.

Ёсць усе магчымасці для росту

Актуальныя праблемы развіцця турыстычнай галіны члены МЭКС абмеркавалі за «круглым сталом» у канферэнц-зале Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. З асноўнай дакладам выступіў намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Партной.

Па выніках першага квартала, адзначыў ён, паказчык па экспарце паслуг быў перавыкананы, але гэта не нагода для самазаспакаення: трэба устрымаць дасягнутыя вынікі і за паўгоддзе. Па тэмпе росту тур-паслуг лідзіруе Міністэрства спорту – 315%, сярод абласцей на першым месцы – Гродзенская (122%), у астатніх за студзень – красавік – менш за 100%. Ва ўсіх рэгіёнаў, па словах

Міхаіла Партнога, ёсць патэнцыял для прасоўвання наперад. Неабходна сістэмна працаваць у гэтым напрамку: нарошчваць інфраструктуру, праводзіць мерапрыемствы, ставіць мэты і дасягаць іх.

Адна з задач для аблвыканкамаў – вызначыць знакавыя турыстычныя месцы, для якіх сфарміраваць комплекс мерапрыемстваў па прасоўванні туруслуг, акумуляваць на гэтыя мэты фінансавыя сродкі з пазабюджэтных крыніц.

Намеснік міністра падвергнуў крытыцы санаторыі і нацыянальныя паркі, якія не рэкламуюць свае паслугі на выстаўках, завастрыў увагу на цяжкасцях рэгістрацыі турыстаў у аддзелах па грамадзянстве і міграцыі, дзе няма шыльдаў на англійскай мове і нельга аплаціць пошліну на месцы.

Акрамя таго, на пасяджэнні гаварылася аб перспектывах унядрэння электронных віз і магчымасці бязвізавага ўезду ў Беларусь тых замежных грамадзян, якія наведваюць айчынныя санаторыі і міжнародныя культурныя форумы. Будзе весціся праца па адмене рэгістрацыі турыстаў з спрыяльных у міграцыйным стаўленні дзяржаў, калі яны знаходзяцца на тэрыторыі нашай краіны да 30 сутак. Плануецца ўнесці шэраг змен у заканадаўства. Але і кіраўнікі на месцах, адзначыў Міхаіл Партной, павінны дзейнічаць больш ініцыятыўна.

Улады Полацка, як падкрэсліў у сваім выступленні старшыня райвыканкама Мікалай Шаўчук, пытанням захавання гісторыка-культурнай спадчыны і ўключэння яго патэнцыялу ў турыстычную інфраструктуру надаюць першачарговую ўвагу. Бо горад мае ўнікальныя помнікі: усяго іх звыш 150, з якіх 126 знаходзяцца ў спісе рэспубліканскага значэння, а два аб'екты – Сафійскі сабор і Спаса-Праабражэнская царква – маюць самую высокую катэгорыю каштоўнасці і прапанаваны для занясення ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Асноўны акцэнт у горадзе робіцца на культурна-пазнавальным і падзейным турызме. Шырокае распаўсюджванне атрымалі інтэрактыўныя формы падачы інфармацыі. Вельмі плённая дзейнасць па ўдзеле ў праектах міжнароднай тэхнічнай дапамогі: па выніках іх рэалізацыі ў Полацк было інвеставана звыш 6 млрд рублёў (да дэнамінацыі).

Максімальны даход ад турызму, адзначыў Мікалай Шаўчук, быў атрыманы ў 2014 годзе, калі ў эканоміку ўдалося прыцягнуць паўмільёна долараў.

Працаваць на імідж краіны

У цэлым па рэспубліцы за 4 месяцы 2016-га экспартавана турыстычных паслуг на 38,2 млн долараў, што складае 2,2% ад агульнага аб'ёму экспарту паслуг. Гэтыя лічбы Наталля Качанава назвала недастатковымі. Віцэ-прэм'ер нагадала, што экспарт паслуг уваходзіць у лік прыярытэтных напрамкаў развіцця на бягучую пяцігодку.

Прынята спецыяльная дзяржпраграма «Беларусь гасцінная». За апошні год заўважны сур'ёзныя зрухі, але неабходна лепш выкарыстоўваць наяўны патэнцыял. Трэба больш наступальна рэкламаваць турыстычны прадукт за мяжой, а таксама актыўней развіваць унутраны турызм: каб не толькі замежнікі, але і самі беларусы ведалі тое, чым мы можам ганарыцца.

Для гэтай працы, па словах Наталлі Іванаўны, важна прыцягваць прафесіяналаў, удасканальваць сэрвіс, паляпшаць экскурсійнае абслугоўванне, знаходзіць адметныя рысы, характэрныя толькі для дадзенага месца, і належным чынам іх абыгрываць.

Ларыса Малашэня, «Віцебскія весці». Фота БелТА.