Віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка: Усе праекты ААТ «Нафтан» павінны быць завершаны ў 2016-2017 гадах
Наваполацкаму ААТ «Нафтан» неабходна завяршыць тэхнічнае пераўзбраенне ва ўстаноўленыя тэрміны, каб адпавядаць сусветным тэндэнцыям развіцця галіны і павысіць канкурэнтаздольнасць прадукцыі на знешніх рынках. На гэтым акцэнтаваў увагу намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка, які наведаў найбуйнейшае прадпрыемства краіны падчас рабочай паездкі па Віцебшчыне.
— У мяне ёсць перакананне, што ў 2016-2017 гадах усе намечаныя праекты будуць завершаны ў адпаведнасці з новымі зацверджанымі графікамі работ, гэта рэальна, — адзначыў віцэ-прэм’ер, адказваючы на пытанне аб ходзе выканання праграмы мадэрнізацыі.
У той жа час ён параўнаў сітуацыю на двух нафтаперапрацоўчых заводах краіны не на карысць «Нафтана», канстатаваўшы, што на Мазырскім НПЗ па выніках работы за мінулы год фінансава забяспечылі рэалізацыю ўсіх сваіх праграм за кошт прыбытку. Мазыр, па словах Уладзіміра Сямашкі, сёння мае зусім іншую структуру так званага кошыка нафтапрадуктаў, якія цалкам адпавядаюць сусветным нормам і больш запатрабаваны на рынку. Таму галоўная задача навапалачан – завяршыць тэхнічнае пераўзбраенне, як бы складана ні было, параўнацца з Мазыром па глыбіні перапрацоўкі і якасці нафтапрадуктаў, а па аб’ёме яны прыкладна аднолькавыя.
«Дапамагаць, безумоўна,будзем. Напрыклад, прынялі рашэнне забіраць з «Нафтана» мазут і выкарыстоўваць яго ў сістэме «Мінэнерга» ў якасці альтэрнатыўнага паліва: у складаных умовах гэта дае пэўныя дывідэнды і рэспубліцы, і прадпрыемству. Але трэба памятаць, што магчымасці рэспублікі не безмежныя. Бюджэт фарміруецца ў рэгіёнах, яго напаўняльнасць залежыць ад эфектыўнай працы рэальнага сектара эканомікі. Таму адказы на многія пытанні варта шукаць на месцах, а не разлічваць на «залаты дождж», які пральецца зверху», — сказаў намеснік прэм'ер-міністра.
На сённяшні дзень, як растлумачыў генеральны дырэктар ААТ «Нафтан» Уладзімір Траццякоў, будуюцца сем новых установак, якія прадугледжваюць паляпшэнне тэхналагічных працэсаў. Вядома, гэта велізарны аб'ём працы і фінансаў, неабходных для іх узвядзення. Асноўнай пагрозай з'яўляецца змяншэнне сродкаў, якія прадпрыемства зарабляе на знешніх рынках, з прычыны таго, што за два гады нафта ўпала ў цане больш чым у тры разы: са 110 да 30 долараў за барэль. Сапраўды гэтак жа знізіўся кошт нафтапрадуктаў.