Віцебскі край у Год малой радзімы
13 верасня 2018 года ў Віцебскай абласной бібліятэцы адбылася прэзентацыя трэцяга тома краязнаўчага зборніка “Віцебскі край”, які выдаецца Віцебскай абласной бібліятэкай імя У. Леніна па выніках міжнародных краязнаўчых канферэнцый.
Упершыню зборнік убачыў свет у 2016 годзе. Усе тамы выдання выкананы ў адным стылі і сталі своеасаблівым краязнаўчым брэндам бібліятэкі, які не сорамна паставіць на паліцу. Акрамя таго, усе тамы зборніка ў мэтах папулярызацыі краязнаўства размешчаны на сайце бібліятэкі.
У прэзентацыі зборніка прынялі ўдзел супрацоўнікі Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. Леніна, Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці, Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, ВДУ імя П. М. Машэрава, вядомыя краязнаўцы.
Традыцыя выдання “Віцебскага краю” будзе працягнута. Ужо ў лістападзе гэтага года ў бібліятэцы адбудзецца чарговая міжнародная навуковая канферэнцыя, прысвечаная 80-годдзю Віцебскай вобласці.