"Вітбудтэхмаш" рыхтуецца да запуску серыйнай вытворчасці імпартазамяшчальных аўтагідрапад'ёмнікаў
18 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. ТППТУП "Вітстроятэхмаш" завяршае першы этап рэалізацыі імпартазамяшчальнага інвестыцыйнага праекта па выпуску аўтагідрапад'емнікаў з высокатрывалай канструкцыйнай сталі, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Андрэй Сідараў.
Віцебскія машынабудаўнікі ў верасні плануюць адкрыць новы цэх, у якім будзе выпускацца не менш за 10 пад'емнікаў у месяц. Адначасова з будаўніцтвам вядзецца мантаж новага абсталявання.
На пачатку бягучага года "Вітстроятэхмаш" першым у Беларусі распрацаваў аўтагідрапад'емнік з высокатрывалай канструкцыйнай сталі і выпусціў доследны ўзор. Тэхнічныя характарыстыкі мантажнага стрэлавага пад'емніка, здольнага падымаць рабочых і інструмент з матэрыяламі на вышыню амаль 20 м, не саступаюць замежным аналагам, а дзякуючы выкарыстанню высокатрывалых сталей яго металаёмістасць на 40% ніжэйшая, чым у канкурэнтаў, пры гэтым грузавыя характарыстыкі застаюцца ранейшымі. Кіраванне пад'ёмным механізмам ажыццяўляецца з дапамогай электрагідраўлічнага пульта. Па цане віцебскі пад'емнік удвая таннейшы.
Серыйны выпуск аўтагідрапад'емнікаў з вышынёй пад'ёму 20 м, 25 м, 32 м пад гандлёвай маркай "Віпа" прадпрыемства плануе пачаць у канцы бягучага года. Стратэгіяй маркетынгу прадпрыемства прадугледжана нароўні з асваеннем новых відаў прадукцыі стварэнне сэрвісных цэнтраў, а таксама навучанне і падрыхтоўка спецыялістаў для працы на ёй. На рэалізацыю праекта прадпрыемства мае намер накіраваць звыш Br4,5 млрд. і завяршыць яго рэалізацыю ў 2013 годзе. Праект прадугледжвае стварэнне 100 працоўных месцаў. Падатковыя паступленні ў мясцовы бюджэт за 2010-2013 гады, па папярэдніх разліках, складуць больш Br8,5 млрд.
Андрэй Сідараў адзначыў, што ніша аўтагідрапад'емнікаў на айчынным рынку пакуль застаецца свабоднай. Асноўнымі пастаўшчыкамі пад'емнікаў з'яўляюцца прадпрыемствы Расіі, Украіны, а таксама італьянскія і фінскія вытворцы. Нягледзячы на тое, што прадпрыемства яшчэ не прыступіла да серыйнай вытворчасці, пакупнікі на новую прадукцыю ўжо ёсць. З моманту выпуску доследнага ўзору штомесяц выпускаецца і прадаецца па два пад'емнікі. Асваенне выпуску пад'ёмных механізмаў дазволіць не толькі замясціць імпартную тэхніку айчыннай, але і пастаўляць яе за мяжу, упэўнены кіраўнік. У Маскве ў адным з павільёнаў ВДНГ ужо працуе дэманстрацыйны стэнд, а сам пад'емнік прайшоў сертыфікацыю ў Расійскай Федэрацыі.
Прыватнае вытворча-гандлёвае унітарнае прадпрыемства "Вітстроятэхмаш" створана ў 2004 годзе. Прадпрыемства спецыялізуецца на тэхнічным абслугоўванні і рамонце ўсіх відаў аўтагідрапад'емнікаў і пад'емнікаў, вырабе адказных металаканструкцый і вузлоў, вытворчасці будаўнічага абсталявання.-0-