"Вітбудтэхмаш" прыступіў да серыйнай вытворчасці імпартазамяшчальных аўтагідрапад'ёмнікаў

5 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Прадпрыемства "Вітстрайтэхамаш" адкрыла цэх па выпуску аўтагідрапад'емнікаў з высокапрачнай канструкцыйнай сталі. Такім чынам, прадпрыемства завяршыла першы этап рэалізацыі імпартазамяшчальнага інвестыцыйнага праекта і прыступіла да серыйнай вытворчасці пад'емнікаў пад гандлёвай маркай "Віпа", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прыватнага вытворча-гандлёвага унітарнага прадпрыемства "Вітстрайтэхамаш" Андрэй Сідараў. На пачатку 2010 года "Вітстрайтэхамаш" першым у Беларусі распрацаваў аўтагідрапад'емнік з высакапрачнай канструкцыйнай сталі і выпусціў доследны ўзор. Тэхнічныя характарыстыкі мантажнага стрэлавага пад'емніка, здольнага падымаць рабочых і інструмент з матэрыяламі на вышыню амаль 20 м, не саступаюць замежным аналагам, а дзякуючы выкарыстанню высакапрачных сталей яго металаёмістасць на 40% ніжэйшая, чым у канкурэнтаў, пры гэтым грузавыя характарыстыкі застаюцца ранейшымі. Кіраванне пад'ёмным механізмам ажыццяўляецца з дапамогай электрагідраўлічнага пульта. Па цане віцебскі пад'емнік удвая таннейшы. Асноўнымі пастаўшчыкамі пад'емнікаў у Беларусь з'яўляюцца прадпрыемствы Расіі, Украіны, а таксама італьянскія і фінскія вытворцы. Увод у эксплуатацыю новага цэха дазволіў "Вітстрайтэхамашу" пачаць серыйную вытворчасць аўтагідрапад'емнікаў з вышынёй пад'ёму 20 м, 25 м, 32 м і выпускаць у месяц 10 машын. Агульны аб'ём асвоеных сродкаў на будаўніцтва і закупку абсталявання склаў Br1,5 млрд. Створана 27 працоўных месцаў. Стратэгіяй маркетынгу прадпрыемства прадугледжана таксама стварэнне дылерскіх і сэрвісных цэнтраў па абслугоўванні, навучанне і падрыхтоўка спецыялістаў для працы на гэтых машынах. Новая прадукцыя карыстаецца попытам як у айчынных, так і ў расійскіх спажыўцоў. Прадпрыемства стварыла тры дылерскія цэнтры - у Маскве, Санкт-Пецярбургу і Казані. Як адзначыў Андрэй Сідараў, другім этапам рэалізацыі імпартазамяшчальнага інвестыцыйнага праекта стане будаўніцтва яшчэ аднаго цэха. Агульны кошт праекта ацэньваецца ў суму звыш Br4,5 млрд. Прадпрыемства мае намер завяршыць яго ў 2013 годзе. Праект прадугледжвае стварэнне 100 працоўных месцаў. Падатковыя паступленні ў мясцовы бюджэт за 2010-2013 гады, па папярэдніх разліках, складуць больш Br8,5 млрд. Прыватнае вытворча-гандлёвае унітарнае прадпрыемства "Вітстрайтэхамаш" створана ў 2004 годзе. Прадпрыемства спецыялізуецца на тэхнічным абслугоўванні і рамонце ўсіх відаў аўтагідрапад'емнікаў і пад'емнікаў, вырабе адказных металаканструкцый і вузлоў, вытворчасці будаўнічага абсталявання. -0-