Візітоўку Віцебска рыхтуюць да юбілею

Спытайце ў карэннага жыхара ці заўзятага турыста, чым можа здзівіць Віцебск. Разам з Летнім амфітэатрам, домам Шагала і сядзібай Рэпіна ў топе месцаў, абавязковых да прагляду, назавуць Ратушу. Архітэктурная дамінанта ўзвышаецца над Дзвіной на 40 метраў. Гэта лепшая аглядная пляцоўка горада і яго брэнд. Як і абласны краязнаўчы музей, што размясціўся ў Ратушы з 1924 года.

Ці загавораць гадзіннікі?

Дазвол на ўзвядзенне ратушы горад атрымаў у 1597 годзе разам з дараваным яму каралём Жыгімонтам III Магдэбургскім правам. Аднак першая цалкам драўляная пабудова была разбурана. Да нашых дзён захаваліся чарцяжы 1664 года — прастакутнае двухпавярховае збудаванне з высокім скатным дахам, якое завяршалася назіральнай вежай з купалам і шпілем. Цокальны і першы паверхі былі цаглянымі, другі паверх і дах з вежай пабудаваны з дрэва. Не раз знішчаная пажарамі ратуша ўставала з руін і попелу. А ў 1775-м яе ўсю склалі з цэглы. З таго часу прайшло 245 гадоў. І сёння будынак зноў перажывае рэстаўрацыю. Крок за крокам набліжаючыся да яшчэ больш маштабнай даты.

— У сакавіку 2022-га Віцебск сустрэне 425-годдзе з дня атрымання Магдэбургскага права, — распавядае Таццяна Старынская, дырэктар абласнога краязнаўчага музея. — Да свята вырашылі рыхтавацца загадзя. Вядома, музей не застаўся ўбаку. З лета мы заняліся касметычным рамонтам. Абнавілі аснову вежы, зрабілі неслізготны наліўны пол — для зручнасці і бяспекі наведвальнікаў. Часткова адрэстаўравалі і агароджу балкона, які выкарыстоўваем як аглядную пляцоўку. Пасля рамонту аглядныя экскурсіі аднавіліся. 


Адзін з мясцовых каледжаў у гэтыя дні заняты незвычайным заказам: вырабам новых ратушных балясін — фігурных слупкоў у выглядзе калон, якія падтрымліваюць парэнчы агароджы. 

— Захаваныя чарцяжы падказалі правільны напрамак, — уключаецца ў размову Валерый Шышанаў, намеснік дырэктара музея па навуцы. — Для нашых балясін патрэбна вольха, высушаная пэўным чынам. Увесь тэхналагічны працэс займае больш за месяц. 

Задача не з простых, затое гарантыя на выраб — дзесяцігоддзе. Ад часу стамляецца любы матэрыял — і дрэва, іметал, заўважае Таццяна Аляксандраўна:

— Таму на падтрымку такіх аб'ектаў, як Ратуша, неабходна нямала сіл і сродкаў. Напрыклад, зараз актыўна абмяркоўваецца варыянт замены сэрца вежы — гадзіннікавага механізму. 


Каб час на ўсіх чатырох цыферблатах быў дакладным, без абнаўлення не абысціся. Акрамя таго, ёсць задумка зрабіць так, каб гадзіннік набыў гукавы сігнал або мелодыю. 

— Чаму б Ратушы не займець і свайго маляўнічага персанажа? — усміхаецца Таццяна Старынская. — Усе ведаюць брэсцкага ліхтаршчыка. Уявіце, а ў нас быў бы гадзіншчык... Гэта таксама ўклад у культурна-турыстычную скарбонку паўночнага рэгіёну. 
У Віцебску ўпэўнены: мясцовая Ратуша — славутасць усёй краіны. Справа ў тым, што з абласных цэнтраў Беларусі толькі горад над Дзвіной можа пахваліцца не навадзелам, а пабудовай з глыбіні стагоддзяў. 
— Марым, каб яна стаяла ў шэрагу самых прывабных для турыстаў месцаў у нашым горадзе, — працягвае Таццяна Аляксандраўна. — На слыху такія раскручаныя брэнды, як фестываль мастацтваў «Славянскі базар», Віцебская мастацкая школа і УНОВІС. Чарга за нашай Ратушай, здольнай прыцягнуць і беларусаў, і замежных цэніцеляў. Напрыклад, для суседняй Расіі падобныя будынкі накшталт экзотыкі, а значыць, цікавасць будзе.
Вежа выконвала функцыю пажарнай каланчы: сігналы аб тым, у якой частцы Віцебска вогненная бяда, падавалі... паветранымі шарамі розных колераў, якія запускалі ў неба. 
Паспрыяць гэтаму павінны і найбагацейшыя фонды краязнаўчага музея. Дарэчы, публіцы сёння выстаўляюць ад сілы трэць унікальных экспанатаў. І вядомая Віцебская берасцяная грамата XIII—XIV стагоддзяў — вяршыня айсберга. 

— Нам ёсць чым прыцягнуць і ўтрымаць людзей, — лічыць Таццяна Аляксандраўна. — Так, пандэмія дыктуе новыя правілы, адбіваецца на прыбытку. Але нават зараз сярод нашых музейных аб'ектаў ёсць тыя, да якіх не зарастае народная сцежка. Гаворка пра музей-сядзібу Рэпіна «Здраўнёва», дзе ў любую пару года хапае наведвальнікаў, папулярныя сямейныя экскурсіі. 


Праўда, варта пазабавіцца і пра дадатковую інфраструктуру —удобным транспартным злучэннем, грамадскім харчаваннем, падтрымкай Wi‑Fi у музейных залах.

Шагал і музыка

Ратуша, што ўзвышаецца над гістарычным цэнтрам горада, там, дзе Заходняя Дзвіна сустракаецца з Віцьбай, а Васкрэсенская царква суседнічае са Свята‑Духавым манастыром, бачыла нямала. Утварэнне самой Віцебскай губерні, прыход напалеонаўскіх войскаў, вялікую будоўлю гістарычнага цэнтра горада… У XIX стагоддзі тут знаходзіліся гарадская ўправа і банк, суд, паліцыя, пералічвае Таццяна Старынская.

Вокны Ратушы некалі выходзілі на гасцініцу «Брозі», дзе трымаў ювелірную краму цесць Марка Шагала. Дарэчы, у 1997 годзе, падчас другога Шагалаўскага пленэру, Ратушу крэатыўна задзейнічалі, каб расказаць пра любоў мастака і яго жонкі Бэлы. Тады ўпершыню з вокнаў будынка палілася жывая музыка. А пару гадоў таму гісторыя атрымала нечаканае працяг у арт‑праекце «Над горадам». На балкон Ратушы сталі выходзіць музыкі са скрыпкай, якія выконвалі попуры з французскіх, яўрэйскіх і беларускіх матываў. Цяпер падчас «Славянскага базару» кожны год над ратушным дзівалом гучаць скрыпка, саксафон. Зрабіць так, каб упадабаныя многімі мелодыі гучалі лета напралёт, рэальна — пры ўмове дадатковага фінансавання.

У Ратушы застаецца нямала таямніц, упэўнены Валерый Шышанаў:

— Вядома, што яна адбудавана ў 1775 годзе з цэглы па загадзе імператрыцы Кацярыны II. Але ні сам загад, ні дэталі пра ход будаўніцтва невядомы — цэлае поле для працы гісторыкаў!

ДАРЭЧЫ

Будзеце ў краязнаўчым музеі, абавязкова затрымайцеся ў фае каля двухметровага бронзавага герба Віцебска з выявай вобраза Хрыста Збавіцеля. Герб усталявалі на галоўным фасадзе будынка ў ліпені 1997‑га, у год 400‑годдзя Ратушы, але пазней знялі. Ёсць прыгожая легенда: каб запаветнае жаданне збылося, трэба дакрануцца да бронзавага сімвала і прашаптаць словы «Богу ў вушы».