Вячаслаў Дурноў павіншаваў каталікоў і біскупа Віцебскага з Васкрэсеннем Хрыстовым
Уручаючы букет белых руж, прадстаўнік улады падзякаваў кіраўніка дыяцэзіі за служэнне, пажадаў здароўя, поспеху ва ўсіх добрых пачынаннях.
– Заўсёды прыемна віншаваць людзей са святам, а з такім вялікім, як Вялікдзень, – падвойна. На Віцебшчыне пражывае вялікая колькасць каталікоў. У нашай краіне мірна ўжываюцца ўсе канфесіі. Гэта прыклад іншым дзяржавам, як людзі розных вераванняў працуюць на стварэнне, на тое, каб свет станавіўся лепшым. А гэта наўпрост адносіцца да запаведзяў, якія шануюць і каталікі, і праваслаўныя. Калі мы будзем жыць па гэтых запаведзях, значыць, усё ў нас будзе добра, – адзначыў Вячаслаў Дурноў.
Кіраўнік Віцебскай каталіцкай дыяцэзіі падкрэсліў, што Вялікдзень для хрысціянскага свету – свята найважнейшае.
– На Уваскрасенні Хрыстовым будуецца наша вера ў перамогу над грахом, смерцю, вера ў вечнае жыццё. Мы з праваслаўнымі ў розны час адзначаем гэтае свята, але сутнасць яго застаецца нязменнай, і ўсе вернікі вельмі глыбока перажываюць Светлае Уваскрасенне Хрыстова, адкрываюць сваё сэрца каштоўнасцям, якія дапамагаюць жыць на прынцыпах любові, міласэрнасці, даравання. Гэта сёння важна для ўсяго свету, – сказаў Алег Буткевіч.
Сёлета Віцебская каталіцкая дыяцэзія адзначае 25-годдзе свайго ўтварэння. Як адзначыў біскуп, сімвалічна, што трансляцыя святочнага набажэнства па тэлебачанні вялася з новага касцёла ў мікрараёне Білева. Гэта знак таго, што дыяцэзія развіваецца, і за апошнія гады нямала зроблена.
– Тут робіцца шмат не толькі ў духоўным плане. Касцёл прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, праводзіць акцыі, накіраваныя на выхаванне моладзі, дзяцей, дапамогу маламаёмным людзям, – растлумачыў кіраўнік епархіі.
Алег Буткевіч таксама дадаў, што сёлета дзейнасць Віцебскай дыяцэзіі будзе прадстаўлена на спецыяльнай пляцоўцы на «Славянскім базары ў Віцебску».