Вязанне, пляценне з лазы і валянне валенак – самыя распаўсюджаныя рамёствы ў Віцебскай вобласці

17 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Вязанне спіцамі, пляценне з лазы і валянне валёнак - самыя распаўсюджаныя віды рамеснай дзейнасці ў Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Віцебскай вобласці. Сярод найбольш рэдкіх рамёстваў, паводле даных падатковых інспектараў, - вышыўка, пляценне карункі, бондарства і пераплётная справа. Майстроў, якія валодаюць гэтым мастацтвам, не набярэцца і з дзясятак. Характэрна, што пераплётныя работы робяць толькі на радзіме першага беларускага кнігадрукара Францыска Скарыны ў Полацкім раёне. Акрамя таго, на Віцебшчыне рамеснікі вырабляюць кухонны посуд і інвентар з дрэва, робяць вулей і займаюцца мастацкай разьбой па дрэве, не адышлі ў мінулае кавальскае майстэрства, ручное ткацтва і лоскутнае шыццё. А яшчэ ў Прыдзвінне ўмеюць плясці з бісеру, рабіць цацкі, скурную галантарэю ў стылі хэнд-мейд і штучныя кветкі. Лідэрамі па колькасці рамеснікаў з'яўляюцца Віцебск, Орша, Полацк, Наваполацк. Сярод сельскіх раёнаў найбольшая іх колькасць зарэгістравана ў Пастаўскім, Верхнядзвінскім, Глыбоцкім раёнах. На 1 мая ў вобласці ў цэлым налічвалася 636 рамеснікаў, прычым іх колькасць за год узрасла больш чым на 200 чалавек, а за красавік бягучага года павялічылася амаль на два дзясяткі. На думку інспектараў, развіццю рамеснай дзейнасці спрыяюць замацаваныя заканадаўча спрыяльныя ўмовы для вядзення такой дзейнасці: яна ажыццяўляецца па заяўным прынцыпе без рэгістрацыі індывідуальнага прадпрымальніцтва, рамеснікі не плацяць падаходны падатак, адзіны падатак, не падаюць падатковыя дэкларацыі, вызвалены ад вядзення ўліку даходаў і расходаў, а таксама ад вядзення дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці. Адзінае, што плацяць рамеснікі, - гэта збор за ажыццяўленне сваёй дзейнасці, памер якога роўны адной базавай велічыні ў год. У бягучым годзе рамеснікі папоўнілі мясцовы бюджэт на Br10,3 млн.-0-