Уключэнне ў СЭЗ "Віцебск" часткі тэрыторыі Аршанскага раёна дазволіць стварыць амаль 500 працоўных месцаў

26 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Уключэнне ў склад СЭЗ "Віцебск" часткі Аршанскага паўночнага прамысловага вузла і часткі тэрыторыі Аршанскага раёна дапаможа прыцягнуць у гэты рэгіён каля $100 млн. інвестыцый і стварыць амаль 500 рабочых месцаў. Паведаміў сёння на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама першы намеснік кіраўніка адміністрацыі СЭЗ "Віцебск" Сяргей Сташэўскі. Ён прадставіў прапанаваны план пашырэння межаў зоны, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Плануецца, што ў межы СЭЗ могуць увайсці частка тэрыторыі паўночнага прамысловага вузла Оршы, дзе знаходзяцца прадпрыемствы "Аграпраммаш", "Оршабудматэрыялы", а таксама населеныя пункты Аршанскага раёна Барань і Балбасава, дзе знаходзяцца завод "Лёс" і Аршанскі авіярамонтны завод. Акрамя Аршанскага рэгіёна, у склад СЭЗ можа быць уключаны ўсходні прамысловы вузел Віцебска, дзе размешчаны прадпрыемствы "Энергакамплект", "ОСТ-станкарамонт", "Полімерканструкцыя". Як адзначыў Сяргей Сташэўскі, гэтыя тэрыторыі валодаюць добрым інвестыцыйным патэнцыялам, бо маюць развітую інфраструктуру. У бягучым годзе на развіццё інфраструктуры тэрыторыі СЭЗ "Віцебск" у межах дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы асвоена Br2,7 млрд. з рэспубліканскага бюджэту. У цяперашні час тэрыторыя СЭЗ "Віцебск" складае больш за 1,2 тыс. га і ўключае 7 пляцовак, размешчаных у Віцебску і Паставах (тэрыторыя завода "Беліт").-0-