Смак клопату і цяпла. У Віцебску штодня медыкам развозяць сотні абедаў і вячэр

…У двор Віцебскай гарадской станцыі хуткай і неадкладнай медыцынскай дапамогі ўязджае спрытны мінівэн. За рулём – кіроўца Аляксандр Ходзька, побач – экспедытар Таццяна Харэвіч. Званок па мабільным: гасцей сустракае старшы фельчар цэнтральнай падстанцыі Руслан Пасціхін. Таццяна рапартуе:


– Абед пададзены! Разгружаемся…

Сёння ААТ «Вітміл» па замове даставіла супрацоўнікам «хуткай» звыш 100 абедаў. На дзяжурстве – больш за 30 брыгад, хопіць усім.

– Меню разнастайнае, – на хаду распавядаюць медыкі, разбіраючы ланчбоксы. – Бывае гуляш, шніцаль, свініна ў сыры, катлеты, рыба з гароднінай, галубцы… Усё смачнае, прыгатаванае па-хатняму. Але не гэта галоўнае – мы цэнім клопат. Часам нават на арганізацыю перакусу часу не хапае. А тут – паўнавартасны абед! З пылу, з жару…

 


 


На жаль, ужо праз хвіліну ланчбоксы адкладаюцца ў бок – мае суразмоўцы спяшаюцца на тэрміновы выклік. Абед пачакае – давядзецца пазней разагрэць у мікрахвалеўцы.

Галоўны ўрач Віктар Гамонаў паказвае – умовы для гэтага ў персаналу ёсць, на станцыі абсталяваны спецыяльны куток. А што тычыцца нагрузкі апошніх тыдняў – яна сапраўды ўзрасла. І хоць выклікаў стала нават менш, брыгады заняты пад завязку – часта іх задзейнічаюць у перавозцы шпіталізаваных хворых. То на абследаванне ў іншую клініку, то ў працэсе выздараўлення пацыенту патрабуецца перавод у іншую медустанову. Клопатаў значна прыбавілася, а вось часу стала менш. Таму зараз і большая частка абедаў яшчэ не разабрана – людзі на маршрутах.


Выходзім у двор. Кіроўца толькі што прыбыўшай «хуткай» Віктар Новіцкія есць прама на працоўным месцы – ля машыны. Жартуе – так надзейней, далёка бегчы не давядзецца, калі выклік прагучыць. Глядзіш, пакуль фельчар запасы лекаў папоўніць, ён і паабедаць паспее...

Віктар працуе на станцыі хуткай і неадкладнай дапамогі ўжо больш за 20 гадоў, прывык да ўсяго. Цяжкасці, адзначае, толькі загартавалі. Вось і цяперашні графік працы ўспрымае як належнае. Працуючы тут, на «хуткай», пабачыў усякае. А сёння, як і ўсе медыкі, вельмі ўдзячны людзям неабыякавым. І за гарачыя абеды з дастаўкай на месца, і за тое, што некалькі віцебскіх АЗС зладзілі дабрачынную акцыю – пакуль запраўляеш машыну, усе члены брыгады могуць бясплатна пачаставацца кавай з бутэрбродамі.


Начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Міхаіл Вішневецкі адзначае:

– Мы разумеем, што цяпер і самаму бізнесу няпроста. Але прадпрымальнікі і простыя людзі, якія аб'ядналіся вакол дабрачынных фондаў, знаходзяць магчымасць у цяжкую хвіліну падтрымаць медыкаў. Мне часта тэлефануюць прадстаўнікі бізнес-супольнасцей, пытаюцца: якая дапамога патрэбна? Купілі, напрыклад, некалькі кіслародных канцэнтратараў або партыю сродкаў індывідуальнай абароны – куды лепш адправіць? Таксама і з арганізацыяй харчавання медработнікаў. Дзякуй усім, актыўным і неабыякавым. Разам мы, бясспрэчна, мацнейшыя.

 


Дарэчы, абеды для медыкаў у Віцебску сталі рыхтаваць даўно, у самым пачатку пандэміі. Свой уклад у агульную справу ўнеслі і вядучыя рэстаратары горада, і невялікія кафэ. Удзел у акцыі прынялі кампанія «Аптэка груп», ТАА «Тэхніка харчавання». «Віцебскі тракт», гатэль «Эрыдан», «Кастусь-медыя», грамадскае аб'яднанне «Асацыяцыя наймальнікаў і прадпрымальнікаў», прыватнае прадпрыемства «Утор-Сэрвіс», «Губернскі тракт», прадпрыемства «Святло» і іншыя.



Цяпер дырэктар ААТ «Вітміл» Алег Шарапаў спецыяльна вылучыў адзін з рэстаранаў – «Зеленую Гуру». Менавіта тут гатуюць абеды і вячэры для вядучых медустаноў горада. Штодня фарміруюць і ўпакоўваюць звыш паўтысячы тэрмаўстойлівых ланчбоксаў для тых, хто «на перадавой» – лечыць пнеўманіі і каранавірусную інфекцыю: супрацоўнікаў «хуткіх», абласной бальніцы, тубдыспансера, скурна-венералагічнага падраздзялення, цэнтра рэабілітацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў, БСМП і так званай чыгуначнай бальніцы. Тры штодзённыя рэйсы робіць загружаны абедамі ды вячэрамі аўтамабіль – з 13-00 да 19-00. Часткова расходы на іх прыгатаванне «Вітміл» бярэ на сябе, часткова яны аплачваюцца з адкрытага ў горадзе дабрачыннага рахунку.


Галоўнае – няўдзельных у горадзе, які сёння найбольш моцна пацярпеў ад віруса, няма. Гэта адзначаюць і ў мясцовым дабрачынным фондзе духоўнага адраджэння «Жыццё» горада Віцебска. Тут, пад эгідай фонду, акумулююць многія ініцыятывы бізнес-супольнасці. Сабралі ўжо звыш 80 тысяч рублёў і днямі адправілі буйную партыю сродкаў індывідуальнай абароны ў 7 бальніц (у тым ліку – дзве раённыя ў Новалукомлі і Лепелі). Салідная сума пайшла таксама на аплату тэст-сістэм для выяўлення Ковід-19.

"СБ".