Уладзімір Андрэйчанка і Аляксандр Субоцін сустрэліся з аграрыямі ААТ «Кушлікі» Полацкага раёна

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка і старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін пабывалі на палях ААТ "Кушлікі" Полацкага раёна, пацікавіліся ходам уборачнай і нарыхтоўкай кармоў.

У гаспадарцы, як расказаў яе дырэктар Фёдар Завадскі, ужо ўбрана 60% плошчаў, і да 25 жніўня астатні збожжавы клін плануюць дажаць. Сёння ў полі на ўборцы азімага жыта працавалі чатыры камбайны, два з якіх выдзелены гаспадарцы кіраўніцтвам вобласці. Адзін з іх перададзены гаспадарцы яшчэ Уладзімірам Андрэйчанкам, які ўзначальваў у свой час паўночны рэгіён. Уборачная тэхніка ўжо 21-ы год у страі. Яшчэ адзін камбайн, які з'явіўся ў гаспадарцы ў чэрвені гэтага года ўжо пры старшыні аблвыканкама Аляксандры Субоціне, даверылі маладому механізатару Юрыю Панчанку. Пасля арміі ён восем гадоў адпрацаваў памочнікам камбайнера і два гады выступае на ўборачнай у сольнай праграме. Новай тэхнікай ён вельмі задаволены, як і дружным калектывам, дзе кожны падстаўляе адзін аднаму плячо.

Намеснік старшыні – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Полацкага райвыканкама Мікалай Баратынскі расказаў, як у раёне ідзе ўборачная кампанія. "На Полаччыне ўбрана ўжо 70% азімых і яравых збожжавых, жніво ідзе па плане. Цяпер аграрыі раёна нацэлены на задзел будучага ўраджаю. Актыўнымі тэмпамі вядзецца сяўба азімага рапсу, якая завершыцца на працягу аднаго-двух дзён, а затым мы пяройдзем да сяўбы азімых збожжавых. Усе работы вядуцца ў адпаведнасці з выкананнем тэхналагічнага рэгламенту. Працяглая засуха моцна падкасіла нашу працу, і ў раёне вялікая ўвага надаецца нарыхтоўцы кармоў. Гаспадаркі Полаччыны нарыхтавалі 11 кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Частка з іх склалі спісаныя на тэрыторыі 5 тыс. га збожжавыя культуры, якія перавялі ў кармавы фонд. Праца па кармах не спыняецца, і цяпер гэта адзін з важных аспектаў працы ў сферы АПК нашага раёна", - распавёў Мікалай Баратынскі.

Уладзімір Андрэйчанка нацэліў аграрыяў ААТ "Кушлікі" і ў цэлым Полацкага раёна на ўдарную працу і адзначыў, што да 25 жніўня трэба завяршыць страду. Старшыня Палаты прадстаўнікоў дадаў, што па кармах у Віцебскай вобласці ёсць адставанне, і яго трэба даганяць, збіраць салому, якая засталася ў полі, прыступаць да ўборкі кукурузы і сіласаваць на корм жывёле. Ён падкрэсліў, што гэта дазволіць гаспадаркам рэгіёна пашырыць кармавую базу і павялічыць вытворчасць малочнай прадукцыі.-0-

Уладзімір АндрэйчанкаУладзімір Андрэйчанка

"БЕЛТА"