Уладзімір Андрэйчанка: тэмпы сяўбы неабходна істотна паскорыць

Аграрыям варта радыкальна паскорыць тэмпы сяўбы, каб правесці пасяўную за 10-12 дзён, заявіў сёння ў Талачынскім раёне журналістам старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка.

"У такіх умовах надвор'я, калі ветрана і стаіць высокая тэмпература, што высушвае глебу, вялікае значэнне маюць тэрміны сяўбы. Цяпер трэба радыкальна паскорыць тэмпы сяўбы, каб за 10-12 дзён засеяць збожжавыя. І тады можна разлічваць на добры ўраджай. Я лічу, што кадры да гэтага гатовыя і задача будзе выканана", - сказаў Уладзімір Андрэйчанка. 

Старшыня Палаты прадстаўнікоў сёння знаходзіўся з рабочай паездкай у Віцебскай вобласці, дзе разглядаліся пытанні арганізацыі і правядзення вясновай сяўбы. "У цэлым у рэгіёне і Талачынскім раёне падрыхтавана тэхніка да сяўбы, у поўным аб'ёме маюцца насенне, ёсць кадры, настрой у людзей па-сапраўднаму вясновы, адчуваецца настрой на працу. Ёсць невялікія пытанні па паліве - яго цалкам для сяўбы не хапае, але падыходы вызначаны, я думаю, што гэтая праблема будзе вырашана. Галоўная праблема - недахоп мінеральных угнаенняў. Гэта характэрна для ўсёй рэспублікі. Тут усё будзе залежаць ад пісьменнасці кадраў. У гэтай сітуацыі трэба вельмі сур'ёзна папрацаваць агранамічнай службе, спецыялістам варта вярнуцца да глебавых карт, картаграм, высветліць наяўнасць пажыўных рэчываў у глебе на розных палях", - адзначыў Уладзімір Андрэйчанка. Трэба строга прытрымлівацца тэхналогіі і ўносіць угнаенні не масава, а мэтанакіравана на кожным полі (дзесьці фосфар, дзесьці калій і г.д.). 

"Напэўна, трэба больш займацца вытворчасцю збожжабабовых культур, якія пакідаюць у глебе азот. Гэта таксама варта мець на ўвазе", - рэзюмаваў спікер. Старшыня Палаты прадстаўнікоў пабываў на РУП "Талачынскі кансервавы завод", дзе Уладзіміру Андрэйчанку далажылі аб мадэрнізацыі бульба-, плада- і агароднінасховішчаў. З удзелам спікера быў урачыста адкрыты новы цэх прадпрыемства па вытворчасці сокаў без дадання вады і цукру.

Алена Ціханава - БЕЛТА.