Уладзімір Быкаў прызначаны старшынёй Расонскага райвыканкама
У рабоце сесіі прыняў удзел старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў. Перш за ўсё, ён адзначыў важкі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Расоншчыны ранейшага кіраўніка раёна Аляксандра Шубскага, які займаў пасаду з 2008 года.
У. Церанцьеў звярнуў увагу прысутных, і асабліва новага кіраўніка раёна, на эканоміку.
— Так, многае зроблена, і гэта выдатна. Але калі сёння браць даходную частку бюджэту Расонскага раёна, а гэта 39,5 працэнта ўласных падаткаў і непадатковых адлічэнняў, усё астатняе — датацыя, то відавочна: працаваць ёсць над чым. Рэгіён мае перспектывы дагнаць і перагнаць Верхнядзвінскі раён, які знаходзіцца на перадавых пазіцыях у пытаннях сельскай гаспадаркі і занесены на Дошку гонару вобласці. І ў гэтым заслуга У. Быкава, які добра ведае праблемы развіцця сельгасвытворчасці, — адзначыў У. Церанцьеў.
Верхнядзвіншчына была прыведзена ў прыклад не выпадкова, бо У. Быкаў нарадзіўся ў вёсцы Нурава гэтага раёна. Апошнія дзевяць гадоў працаваў намеснікам старшыні па пытаннях сельскай гаспадаркі і харчавання Верхнядзвінскага райвыканкама.
— Вынік заўсёды залежыць ад працы каманды. Мне шанцавала з людзьмі, з якімі мы разам дабіваліся пастаўленых мэт, — сказаў У. Быкаў. — Нам неабходна ў найкароткі тэрмін завяршыць веснавыя палявыя работы, мы павінны падрыхтаваць тэхніку і кормы. Расонскі край — край азёр і цудоўнай прыроды, таму разам мы будзем працягваць працу па навядзенні парадку, добраўпарадкаванні. Шмат што зроблена ў гарадскім паселку, але мы пастараемся зрабіць яшчэ больш. У першую чаргу — выканаць даручэнні кіраўніка дзяржавы па забеспячэнні занятасці насельніцтва і выплаце годнай заработнай платы, прывядзём у парадак неўпарадкаваныя населеныя пункты, дарогі.
Алена КІРЫЛАВА. Фота аўтара. “Голас Расоншчыны”.