Уладзімір Карягін: "Малы і сярэдні бізнес можа адыграць вялікую ролю ў экспарце беларускіх тавараў"

Пашырэнне экспартнай актыўнасці – адна са стратэгічных задач эканомікі, якую дзяржава разлічвае вырашыць пры ўдзеле прыватнага сектара. Аднак трэба дапамагчы яму знайсці правільны шлях на знешні рынак. Пра гэта ішла размова на семінары-нарадзе, што адбыўся ў Віцебску, з прадстаўнікамі прадпрыемстваў вобласці.


– У Саўміне нядаўна быў прадстаўлены праект Нацыянальнай праграмы падтрымкі і развіцця экспарту Рэспублікі Беларусь на 2016 – 2020 гады. Пры яго распрацоўцы ўрад звярнуўся да вядучых бізнес-асацыяцый краіны, каб і мы не засталіся ўбаку, дапамаглі малому і сярэдняму бізнесу пашырыць кола свайго экспартнага ўдзелу, – распавёў старшыня прэзідыума Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Уладзімір Карыткін. – У краіне 400 тысяч суб'ектаў гаспадарання, з іх толькі 22 тысячы калі-небудзь пастаўлялі тавары ці паслугі на экспарт. Наша задача – каб рэгіёны актыўна ўдзельнічалі ў гэтай дзейнасці і атрымлівалі дадатковае эканамічнае напаўненне. З гэтай мэтай мы распрацавалі шэраг праектаў, з якімі і знаёмім прадпрымальнікаў ва ўсіх абласцях краіны.

Па-першае, сіламі канфедэрацыі створана беларуская гандлёвая пляцоўка ў Маскве – пастаянна дзеючая найбуйнейшая аптова-раздробная выстава-кірмаш «Беларусь прапануе», дзе суб'екты гаспадарання могуць прадставіць сваю прадукцыю. Павільён размяшчаецца на тэрыторыі офісна-складскога комплексу «Аўрора» з зручнай лагістыкай. Пры гэтым расійскі бок забяспечвае сувязь гэтай пляцоўкі з усімі рэгіёнамі РФ, з краінамі, пасольствы якіх размешчаны ў Маскве і не прадстаўлены ў Беларусі, і з дзяржавамі ЕАЭС.

Па-другое, РКП падключылася да праграмы «Еўрапейская сетка прадпрыемстваў», куды ўваходзіць 26 млн суб'ектаў гаспадарання, падпісала дагавор аб супрацоўніцтве, дзякуючы чаму ў гэтым каталогу прадугледжана бясплатнае размяшчэнне інфармацыі аб беларускіх прадпрыемствах, якія знаходзяцца ў пошуку інвестыцый і партнёраў у розных краінах. Уладзімір Мікалаевіч спадзяецца, што прадстаўнікі Віцебшчыны не ўпусцяць гэтай магчымасці.

У-трэцяе, арганізавана Палата экспарцёраў, якая акажа практычную дапамогу тым, хто хоча павялічыць сваю экспартную актыўнасць.

– Малы і сярэдні бізнес можа адыграць вялікую ролю ў прасоўванні беларускага тавару за мяжой. Калі стаяць на месцы, нас проста выцесняць з рынку тавараў і паслуг, – упэўнены Уладзімір Карыгін. – Тым не менш для нас па-ранейшаму перспектыўны расійскі рынак, дзе рэальна мы робім толькі першыя крокі, вельмі цікавыя дзяржавы Афрыкі, Лацінскай Амерыкі, Паўднёва-Усходняй Азіі. Там знойдзецца месца беларускаму якаснаму прадукту.

На думку Уладзіміра Мікалаевіча, у гэтым плане вялікі патэнцыял у таго ж Аршанскага льнокамбіната, бо лён сёння перапрацоўваюць далёка не ў кожнай краіне, а таксама ў вытворцаў прадуктаў харчавання, якія адрозніваюцца высокай якасцю і экалагічнасцю.

У цэлым на сённяшні дзень у нашай вобласці больш за 700 экспарцёраў, з іх каля 90% – прадпрыемствы прыватнага бізнесу і прадпрымальнікі. Аднак гэтая лічба можа быць большай, упэўнены намеснік старшыні камітэта эканомікі аблвыканкама Канстанцін Чорны, для чаго неабходна выкарыстоўваць усе прадастаўляемыя магчымасці.

– Асабліва важная дадзеная інфармацыя для суб'ектаў гаспадарання, якія ўпершыню выходзяць на замежны рынак, – сказаў Канстанцін Эдуардавіч. – Любы прадпрымальнік зможа атрымаць адказы на пытанні, якія тавары запатрабаваны ў той ці іншай краіне, якія віды паставак прымяняюцца пры такіх здзелках, пра які аб'ём прадукцыі можна гаварыць, якія гарантыі ў разліках. На знешнім рынку нам ёсць што паказаць і чым ганарыцца.

Вольга Маслоўская. Фота з архіва"Віцебскіх вестак".