Уладзімір Шыцько: «Краіне патрэбны цывілізаваны бізнес»

Владимир Шитько: «Стране нужен цивилизованный бизнес»

Адным з удзельнікаў міжнароднай бізнес-канферэнцыі, якая прайшла ў Віцебску ў рамках «Славянскага базару», стаў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Шыцько (на фота). Яго мы і папрасілі расказаць, якімі сёння з'яўляюцца прыярытэты дзяржаўнай палітыкі па развіцці прадпрымальніцтва і ці чакаюцца змены ў заканадаўстве, што рэгулюе дзейнасць прыватнага сектара?

– Прыярытэты адназначныя: трэба падтрымліваць. У тым ліку і на заканадаўчым узроўні. Цяпер мы прымаем законапраект аб каштоўных паперах, які палегчыць працу. Ды і нядаўні ўказ Прэзідэнта аб дзейнасці прадпрымальнікаў, хоць ён неадназначна ўспрымаецца ў грамадстве, дае дадатковыя магчымасці. Да прыкладу, прымаць на працу людзей, якія не з'яўляюцца сваякамі. Але, у першую чаргу, ён уздымае важнае пытанне: якасць рэалізуемай прадукцыі. Дзяржава пайшла на саступкі, унёсшы папраўкі і прадаставіўшы час на рэалізацыю несертыфікаванай прадукцыі да 1 сакавіка 2015 года. Аднак прадпрымальнікам трэба шукаць рынкі, дзе ім прапануюць тавар, якасць якога пацверджана адпаведнымі дакументамі ў Расіі, Казахстане, іншых дзяржавах, у тым ліку і ў Беларусі. Але мы не гаворым аб тым, каб разгружаць склады за кошт прадпрымальнікаў, у кожнага ёсць выбар.

Сёння трэба пераходзіць да цывілізаванага бізнесу, прадпрымальнікі павінны працаваць у рэчышчы дзяржаўнай палітыкі. Так, мы разумеем, што частка людзей, якія прадаюць не якасны тавар, сыдуць з рынку, хоць у нас вялікая колькасць гандлёвых аб'ектаў, і з кожным днём адкрываюцца новыя. Але тая частка, якая застанецца, будзе моцнай, і менавіта гэту катэгорыю стараемся падтрымаць. Акрамя таго, дзяржава дае магчымасць на льготных умовах ствараць бізнес у малых гарадах, на вёсцы. Аднак трэба працаваць не толькі па схеме купі-прадай, а ствараць вытворчасць, аказваць паслугі. Мы не багатыя энергетычнымі рэсурсамі, як і многія краіны Еўропы, дзе 50% даходу атрымліваюць ад аказання паслуг. Мы таксама ставім такую задачу. Невыпадкова ў нас аб'яўлены Год гасціннасці: хочам прыцягнуць у нашу краіну больш людзей, што ў першую чаргу закранае сферу паслуг. Лічу, што ў прадпрымальнікаў ёсць вялікі патэнцыял.

– Часта прадпрымальнікі наракаюць, што ў нас шмат «перашкод» у зямельным заканадаўстве. Калі для развіцця вытворчасці або рэалізацыі праекта неабходны ўчастак або памяшканне, то трэба шмат папер і ўзгадненняў...

– Так, такая праблема ёсць, у парламенце пра яе ведаюць. З гэтым сутыкаюцца не толькі прадпрымальнікі, але і замежныя інвестары, якія да нас прыходзяць. Калісьці на заканадаўчым узроўні мы паставілі заслоны, каб не было так званага захопу земляў. Але зараз, калі паступова прыйшлі да цывілізаваных метадаў вядзення працы, бачым, што гэта стала перашкаджаць, а часам і тармазіць развіццё бізнесу. Кіраўнік дзяржавы неаднаразова звяртаў увагу на тое, што заканадаўства трэба ўдасканальваць, ставілася такое пытанне і на пасяджэннях Саўміна. Таму ў цяперашні час мы разглядаем пакет дакументаў, каб на заканадаўчым узроўні змяніць сітуацыю.

Вольга Маслоўская, "Віцебскія весці"