Уладзімір Церанцьеў і амбасадар Польшчы абмеркавалі актуальныя пытанні супрацоўніцтва

Супрацоўніцтва Віцебскай вобласці з рэгіёнамі Польшчы ў апошнія гады значна актывізавалася па ўсіх напрамках. Шмат у чым дасягнутыя поспехі звязаны з дзейнасцю Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Конрада Паўліка, які завяршае дыпламатычную місію ў нашай краіне.

Пра гэта ішла размова 25 студзеня падчас рабочай сустрэчы старшыні абласнога Савета дэпутатаў Уладзіміра Церанцьева з польскім дыпламатам, які напярэдадні ад'езду на радзіму наведаў Віцебск.

– Перыяд вашай працы ў Беларусі стаў прарыўным для развіцця міжрэгіянальнага супрацоўніцтва Віцебшчыны з польскімі партнёрамі, – падкрэсліў кіраўнік простай улады вобласці. – Для паўночнага беларускага рэгіёну Польшча ўвайшла і стабільна ўтрымліваецца ў пяцёрцы краін па аб'ёме таваразвароту нараўне з такімі гігантамі, як Расія, Кітай, Вялікабрытанія і Германія. Яго сярэднегадавы ўзровень складае каля 115 млн долараў, пры гэтым таварныя патокі збалансаваны, мы купляем і прадаем амаль у роўных аб'ёмах.

На Віцебшчыне працуюць 25 прадпрыемстваў з польскім капіталам, у тым ліку чатыры зарэгістраваныя ў якасці рэзідэнтаў СЭЗ «Віцебск». Уладзімір Церанцьеў асабліва падзякаваў Конрада Паўліка за дапамогу ў рэалізацыі праекта па стварэнні вытворчасці сучаснага гандлёвага абсталявання, якім займаецца ТАА «Мадэрн-Экспа». У квартэт яго заснавальнікаў увайшлі і польскія інвестары.

Нарошчванне эканамічнага ўзаемадзеяння стала магчымым дзякуючы пашырэнню міжрэгіянальных кантактаў. Даўняе партнёрства Віцебшчыны і Лодзьскага ваяводства ў 2017 годзе набыло новае гучанне дзякуючы візіту прадстаўнічай польскай дэлегацыі, у якую ўваходзілі кіраўнікі органаў мясцовага самакіравання і прадстаўнікі дзелавой супольнасці.

Акрамя таго, ніводзін буйны фестываль на Віцебшчыне не абыходзіўся без удзелу польскіх калектываў, у чым таксама вялікая заслуга Конрада Паўліка, адзначыў Уладзімір Церанцьеў. Так што за гэты час зроблены добры зачын на будучыню для ўмацавання двухбаковых адносін.

– Праз некалькі дзён мая дыпламатычная місія завершыцца, але

Міжрэгіянальнае супрацоўніцтва паміж Віцебшчынай і Польшчай працягнецца, – упэўнены Конрад Паўлік. – А мінулыя два гады былі вельмі плённымі ў гэтым плане. Рэалізавана некалькі праектаў па садзейнічанні рэгіянальнаму развіццю. Знакавай падзеяй стала адкрыццё паруснай школы ў Браславе, гэты праект мы маем намер і далей падтрымліваць, у прыватнасці, шляхам арганізацыі дадатковай падрыхтоўкі інструктараў для школы.

Не менш значная падзея азнаменавала развітанне Конрада Паўліка з Віцебшчынай. Польскі дыпламат прыняў удзел у адкрыцці выстаўкі "Кракаўскія калядныя батлейкі" ў абласным краязнаўчым музеі, падрыхтаванай Гістарычным музеем Кракава і Польскім інстытутам у Мінску.

«Віцебскія весці»

Фота Антона Сцяпанішчава.