Уладзімір Церанцьеў абраны старшынёй Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў
Сёння адбылася першая сесія Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў 28-га склікання. Дэпутат ад Гарадоцкай выбарчай акругі №9 Уладзімір Цярэнцьеў пераабраны большасцю галасоў. Намеснікам старшыні Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў зноў абраны дэпутат ад Дубровенскай выбарчай акругі №11 Аляксандр Хрыстафораў, які на працягу сямі гадоў узначальвае камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама.
Таксама ўтвораны пяць пастаянных камісій абласнога Савета дэпутатаў: па пытаннях мясцовага самакіравання і рэгламенту; па пытаннях бюджэту і эканамічнага развіцця; па пытаннях аграпрамысловага комплексу і экалогіі; па пытаннях прамысловасці, транспарту, развіцця будаўнічага комплексу, жыллёва-камунальнай і дарожнай гаспадаркі; па пытаннях сацыяльнай сферы, сацыяльнай абароны грамадзян і справах моладзі. Зацверджаны склад камісій і абраны іх старшыні.
Звяртаючыся да дэпутацкага корпуса 28-га склікання, Уладзімір Цярэнцьеў падкрэсліў, што асновай для яго працы стане вопыт дэпутатаў папярэдняга склікання, гэта дазволіць захаваць пераемнасць. "Нашы папярэднікі працавалі канструктыўна і ўзгоднена, з удумлівым падыходам у інтарэсах справы і людзей. Ініцыяваліся патрэбныя дакументы, накіраваныя на вырашэнне канкрэтных эканамічных пытанняў, шэрагу сацыяльных праграм, напаўненне бюджэту вобласці, стабілізацыю фінансавага становішча прадпрыемстваў і арганізацый", - адзначыў ён.
Па словах Уладзіміра Цярэнцьева, галоўная задача дэпутацкай дзейнасці заключаецца ў забеспячэнні разумнага балансу інтарэсаў жыхароў рэгіёну з агульнадзяржаўнымі задачамі. "Гэта заўсёды павінна быць дамінантай у нашай працы. Дэпутаты павінны быць звязуючым звяном паміж насельніцтвам і выканаўчай уладай", - сказаў ён.
Старшыня выказаў упэўненасць у тым, што абноўлены склад Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў зможа правільна пабудаваць сваю працу і апраўдае чаканні, ускладзеныя на яго народам.
На важнасць працы дэпутацкага корпуса, як памочніка мясцовых органаў улады, звярнуў увагу старшыня Віцебскага
аблвыканкама Мікалай Шарстнёў. Паводле яго слоў, народныя абраннікі ўдзельнічаюць у размеркаванні бюджэту вобласці, яго фарміраванні. Акрамя таго, па сваёй прафесійнай прыналежнасці яны абраны ў тыя ці іншыя пастаянныя камісіі абласнога Савета дэпутатаў. "Улада і народ адзіныя. Хацелася б, каб у вас быў шчыльны кантакт з народам, і прадстаўнікі выканаўчай улады аператыўна чулі ад вас пра праблемы людзей. Гэта магчымасць данесці да ўлады сістэматызаваную праблему і прапановы па яе вырашэнні. Тады людзі ацэняць і ўбачаць, што не памыліліся ў сваіх абранніках", - падкрэсліў губернатар.
Старшыня аблвыканкама пажадаў дэпутатам стаць ініцыятарамі многіх добрых спраў і выніковай сумеснай працы. "Упэўнены, што ў нас атрымаецца, бо мы робім адну справу на карысць Віцебшчыны і яе жыхароў", - дадаў Мікалай Шарстнёў.