Уладзімір Церанцьеў: Мясцовыя ўлады павінны павышаць эфектыўнасць працы

Улада на месцах – найбліжэйшая да грамадзян і таму павінна быць эфектыўнай. Пра гэта заявіў новы старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў.

Уладзімір Церанцьеў адзначыў, што ў дзейнасці дэпутацкага корпуса на першы план выходзіць праца з насельніцтвам. Таго патрабуе кіраўніцтва краіны, адпаведныя нормы закладзены ў Дырэктыве №2 аб дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату і павышэнні якасці жыцця насельніцтва. "Улада на месцах – найбліжэйшая да чалавека і таму павінна быць эфектыўнай. На справе бывае, што блізкая, але не заўсёды эфектыўная. Каб вырашыць элементарныя праблемы, грамадзянам часам даводзіцца адпраўляцца ў працяглыя паходы па чыноўніцкіх кабінетах. Вось тут вельмі важная праца дэпутатаў. Акрамя арганізацыі прыёмаў насельніцтва дэпутатамі, сельсаветы павінны браць на сябе працу па заяўным прынцыпе "адзінае акно", дапамагаць грамадзянам арыентавацца ў вырашэнні жыццёва важных пытанняў і скарачаць колькасць хаджэнняў па інстанцыях", – сказаў Уладзімір Церанцьеў. 

На яго думку, адной з найбольш эфектыўных формаў сувязі дэпутата з насельніцтвам павінны быць рэгулярныя сустрэчы з выбаршчыкамі і справаздачы аб дэпутацкай дзейнасці ў выбарчых акругах. 

"Усе звароты і прапановы, якія паступаюць на прыёме грамадзян, сустрэчах з імі, трэба аналізаваць, даваць заяўнікам своечасовыя, абгрунтаваныя адказы. Вельмі важны момант – не баяцца гаварыць пра сапраўднае становішча рэчаў, не прыукрашаць рэчаіснасць, але выразна распавядаць пра перспектыву, аператыўна прымаць меры для вырашэння паступаючых пытанняў", – падкрэсліў старшыня аблсавета. 

Выніковая праца будзе ўмацоўваць рэйтынг улады і павышаць ступень даверу грамадзян да дэпутатаў. Уладзімір Церанцьеў лічыць, што трэба ўзмацніць працу па падтрымцы і развіцці асабістых падсобных гаспадарак у сельскай мясцовасці. 

"Нам неабходна замацаваць і ўдасканаліць станоўчы вопыт у гэтым напрамку, максімальна залучаць прысядзібныя ўчасткі ў севазварот, інфармаваць жыхароў аб магчымасцях льготнага крэдытавання пры вядзенні асабістай падсобнай гаспадаркі. Варта актывізаваць закуплі звыш запасаў сельскагаспадарчай прадукцыі і сыравіны ў насельніцтва, надаўшы асаблівую ўвагу своечасовасці разлікаў, максімальна сур'ёзна паставіцца да заключэння дагавораў кантрактацыі маладняку буйной рагатай жывёлы ў падсобных гаспадарках грамадзян", - дадаў ён. 

Сёлета мясцовым Саветам дэпутатаў трэба будзе сур'ёзная праца па арганізацыі і правядзенні выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Галоўная мэта - каб у новы парламент прыйшлі актыўныя, падрыхтаваныя людзі, якія змогуць вырашаць праблемы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі. "Зладжаная праца дэпутацкага корпуса Віцебшчыны сумесна з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, імкненне знайсці індывідуальны падыход да кожнага чалавека дазволяць аператыўна вырашаць праблемы, будуць спрыяць павышэнню ўзроўню жыццезабеспячэння і дабрабыту насельніцтва вобласці", - заключыў Уладзімір Церанцьеў.

Алена Ціханава - БЕЛТА.