Уладзімір Церанцьеў: «Новая партыя – аб’яднальная сіла»
Напярэдадні маштабнага форуму «Віцебскія весці» з дапамогай члена рэспубліканскага аргкамітэта па стварэнні партыі, кіраўніка абласной арганізацыі «Белая Русь», старшыні аблсавета дэпутатаў 28 склікання Уладзіміра Церанцьева падвялі вынікі рэгіянальнага падрыхтоўчага этапу фарміравання новай структуры і паспрабавалі зразумець – што ж будзе далей.
— Як прайшлі сходы на Віцебшчыне? Які калектыўны партрэт дэлегатаў рэгіёну на ўстаноўчы з'езд?
— Усяго з 13 па 16 лютага прайшло 25 устаноўчых сходаў па стварэнні партыі (у тым ліку тры ў абласным цэнтры і адзін у Наваполацку) з удзелам больш за 1,5 тыс. чалавек. На ўстаноўчы з'езд абрана 122 дэлегаты. У іх лік увайшлі прадстаўнікі розных прафесій: выкладчыкі, медыкі, спецыялісты прамысловых прадпрыемстваў і АПК, органаў мясцовага самакіравання і г.д. Больш за ўсё – 75 чалавек – працуюць у сацыяльнай сферы.
Калі казаць пра ўзроставы склад, то больш за палову дэлегатаў – гэта грамадзяне ад 31 да 50 гадоў, яшчэ 38,5% маюць важкі жыццёвы досвед (старэйшыя за 50 гадоў). Знакавым з'яўляецца тое, што на ўстаноўчым з'ездзе Віцебшчыну будуць прадстаўляць таксама 11 чалавек не старэйшыя за 30 гадоў. Гэта кадравы рэзерв партыі на перспектыву. Сёння моладзь не застаецца ўбаку ні ад адной важнай палітычнай падзеі ў Беларусі. Таму падключэнне яе да працы на этапе станаўлення новай партыі і ў далейшым да працэсу палітычнага будаўніцтва дае магчымасць маладым людзям атрымаць вопыт удзелу ў грамадска-палітычным жыцці краіны, стаць палітычнай элітай у будучыні.
Большасць дэлегатаў (72,9 %) з’яўляюцца членамі «Белай Русі», на пачатковым этапе яны складуць партыйны стрыжань. Аднак на ўстаноўчы з'езд паедуць прадстаўнікі і іншых грамадскіх аб'яднанняў — Беларускага саюза жанчын, Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, БРСМ. У далейшым партыя будзе адкрыта для ўсіх грамадзян, якія падзяляюць яе Праграму і Статут.
Дарэчы, абласная арганізацыя «Белай Русі», у якой больш за 19 тыс. членаў, працягвае працаваць, захоўваючы традыцыі і напрамкі дзейнасці. Як будуць узаемадзейнічаць грамадскае аб'яднанне і палітычная партыя, падскажа будучыня.
— Колькі прапаноў унеслі прадстаўнікі Віцебшчыны па праекце партыйнай праграмы? Якія раздзелы дакумента сталі найбольш абмяркоўванымі?
— Сапраўды, з 20 лютага праходзіць адкрытае грамадскае абмеркаванне праекта праграмы. Яго палажэнні аналізаваліся на дыялогавых пляцоўках, дыскусіі разгарнуліся ў працоўных калектывах і навучальных установах, грамадскіх аб'яднаннях, у сацыяльных сетках. Па аператыўных даных у аргкамітэт паступіла больш за сотню прапаноў. Складана колькасна ацаніць, якія менавіта раздзелы дакумента сталі найбольш дыскусійнымі, бо ішло ўсебаковае абмеркаванне новага суб'екта на палітычнай арэне: канцэптуальных асноў стварэння партыі, яе месца ў палітычнай структуры дзяржавы, узаемадзеяння з РГА «Белая Русь» і іншымі аб'яднаннямі, членства ў партыі і г.д.
Значны сам факт вынясення на грамадскае абмеркаванне партыйнай праграмы. Гэта дае магчымасць дапрацаваць праект з улікам заўваг і прапаноў. Удзельнікі дыялогавых пляцовак звярталі ўвагу на тое, каб пры распрацоўцы статутных дакументаў знайшлі адлюстраванне пытанні стварэння і функцыянавання рэгіянальных партыйных структур, членства, фінансавання і ўдзелу партыі ў грамадска-палітычным жыцці дзяржавы.
— У абноўленым Законе «Аб палітычных партыях» асаблівая ўвага надаецца рэгіянальнаму прадстаўніцтву партый. Відавочна, што голас рэгіёнаў павінен быць пачуты ў новай палітычнай арганізацыі…
— Змены ў закана¬даўстве накіраваны на стварэнне партый, якія валодаюць рэальнай палітычнай сілай, карыстаюцца аўтарытэтам і падтрымкай у дзяржаве. Сёння намяцілася тэндэнцыя да іх укрупнення, нада¬ння ім большай палітычнай вагі, што выяўляецца ў патрабаванні стварэння арганізацыйных структур у раёнах і гарадах абласнога падпарадкавання.
Новая пар¬тыя зможа не толькі стаць на абарону дзяржавы і нацыянальных інтарэсаў, але і вырашаць вострыя сацыяльныя і палітычныя праблемы. Члены партыі будуць удзельнічаць у прыняцці важных для краіны рашэнняў, рыхтаваць кадравы рэзерв для палітычнай сістэмы, садзейнічаць фарміраванню палітычнай культуры і свядомасці грамадзян.
Кожны з дэлегатаў — прафесіянал сваёй справы з уражлівым вопытам грамадскай работы. Сярод іх ёсць прадстаўнікі дэпутацкага корпуса і структур, якія працуюць з моладдзю, а таксама ў грамадскай і гуманітарнай сферах. Цяпер ім трэба будзе заняцца палітычным будаўніцтвам, выступіць праваднікамі ініцыятыў і інтарэсаў рэгіёнаў на агульнадзяржаўным узроўні.
— Калі паспрабаваць абагульніць меркаванне віцебскіх заснавальнікаў, то на вырашэнні якіх задач трэба будзе сканцэнтравацца будучай палітычнай арганізацыі?
— Сёння грамадзянская супольнасць разумее неабходнасць кансалідацыі канструктыўных сіл на платформе партыйнага будаўніцтва. Упершыню найбуйнейшае грамадскае аб'яднанне атрымае магчымасць заявіць пра сябе як пра палітычную сілу, якая мае вагу пры абмеркаванні найважнейшых для дзяржавы пытанняў, а таксама дзякуючы масавай падтрымцы грамадзян здольная вылучаць сваіх прадстаўнікоў на выбары ўсіх узроўняў. Відавочна, што партыя стане магутнай сілай у падтрымку дзеючай дзяржаўнай улады, правадніком яе ініцыятыў. Члены партыі будуць удзельнічаць у прыняцці важных для краіны рашэнняў, рыхтаваць кадравы рэзерв для палітычнай сістэмы, садзейнічаць фарміраванню палітычнай культуры і свядомасці грамадзян.
Новая партыя павінна стаць аб'яднальнай сілай, здольнай дапамагчы беларускаму грамадству адказаць на геапалітычныя, эканамічныя, інфармацыйна-прапагандысцкія выклікі і адстаяць нацыянальны суверэнітэт.