Уладзімір Церанцьеў наведаў Віцебскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў

Старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў наведаў Віцебскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў, дзе павіншаваў з Новым годам і Калядамі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама калектыў установы з прафесійным святам – Днём работнікаў сацыяльнай абароны.

На сённяшні дзень у Віцебскім доме-інтэрнаце пражываюць чатыры ветэраны Вялікай Айчыннай. Самаму ўзроставаму – Марыі Другавай – 102 гады. Да вайны Марыя Мікалаеўна працавала ў калгасе ў Ліпецкай вобласці, працавала на заводзе ва Украіне. Падчас вайны яна прыглядала за дзецьмі, працавала ў полі. У 1943 годзе апынулася ў канцлагеры паблізу горада Гановер. Узнагароджана медалём «За адважную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.».

У Віцебскай вобласці пражываюць 350 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і больш за 2,5 тысячы грамадзян, пацярпелых ад яе наступстваў.

– Ветэраны – гэта тыя людзі, дзякуючы якім мы жывем. Кожны з іх – гэта легенда, пра кожнага можна пісаць кнігу, – адзначыў Уладзімір Церанцьеў. – Вывучаючы гісторыю, мы сутыкаемся з тым, што заслугі нашага народа пачынаюць перапісваць. Невыпадкова гэты год абвешчаны Годам гістарычнай памяці. Важна ўспамінаць гістарычныя перамогі, асабліва калі яшчэ жывыя іх сведкі. На жаль, вельмі мала засталося ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Важна сустракацца з імі, каб маладое пакаленне дакладна разумела, хто заслужыў Вялікую Перамогу і дзякуючы каму мы сёння жывем у суверэннай Беларусі.

У пачатку вайны жыхарка Віцебска Ірына Ліпская, каб выжыць, хадзіла ў вёску за 30 км ад горада, дзе абменьвала адзенне на прадукты. У адзін з такіх паходаў пазнаёмілася з кіраўніком партызанскага руху Мікалаем Волкавым, які прапанаваў дзяўчыне быць сувязной. Ірына Ліпская ў дасканаласці валодала нямецкай мовай і з лёгкасцю перакладала фашысцкія перыядычныя выданні, розныя агітацыйныя лістоўкі, неаднаразова пераходзіла праз шматлікія воражскія кардоны.

Віцяблянка Марыя Косабуцкая да вайны паступіла ў Краснадарскі медінстытут, працавала сакратаром у райкаме камсамола, скончыла курсы радыстаў. Мабілізаваную Марыю Апанасаўну накіравалі ў 9-ю казачую Чырванасцяжную пластунскую дывізію 4-га Украінскага фронту, у складзе якой яна прайшла ад Каўказа да Германіі. Мае баявыя ўзнагароды: ордэн Айчыннай вайны I ступені, ордэн Чырвонай Зоркі, медаль «За баявыя заслугі». Неаднаразова атрымлівала падзякі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага.

Івану Зайцаву ў верасні споўніцца 100 гадоў. Іван Рыгоравіч падчас акупацыйнага рэжыму быў сувязным у брыгадзе Міная Шмырова, атрадзе Данілы Райцава, удзельнічаў у рэйкавай вайне, вызваляў Вільню. Пасля вайны працаваў у органах МУС. Мае ордэны Айчыннай вайны і Чырвонай Зоркі, два медалі «За адвагу», два – «Партызану Айчыннай вайны» I і II ступеняў.

Уладзімір Церанцьеў уручыў ветэранам падарункі і працягнуў гутарку з імі за чаяваннем.

Невыпадкова старшыня абласнога Савета дэпутатаў прыехаў у Віцебскі дом-інтэрнат у Дзень работнікаў сацыяльнай абароны.

– У час пандэміі нямала дзякуюць урачам. Іх праца – подзвіг. У сацыяльнага работніка такі подзвіг здзяйсняецца штодня, – адзначыў Уладзімір Уладзіміравіч. – Супрацоўнікі сацыяльнай абароны робяць усё, каб іх падапечныя не захварэлі, працягвалі жыць. А бо многія днямі не выходзяць з будынка, дзе працуюць, нягледзячы на тое, што ў іх ёсць непаўналетнія дзеці, пажылыя бацькі.

– Работнікі сацыяльнай службы – людзі, якія кругласутачна аказваюць усялякую падтрымку пражываючым у дамах-інтэрнатах, – адзначыла намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Вера Астапенка. – Гэта праца душы і сэрца, якое напоўнена цярпеннем, спачуваннем, міласэрнасцю.

Вера Астапенка ўручыла падзякі старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама шэрагу супрацоўнікаў Віцебскага дома-інтэрната.

"Віцебскія весці"