Уладзімір Церанцьеў павіншаваў хрысціян каталіцкай канфесіі і біскупа Віцебскай дыяцэзіі Алега Буткевіча з Калядамі
— Каляды — светлае свята, якое прымушае задумацца пра сумленне, міралюбства і паважлівае стаўленне да іншых. Пра ўсе тыя якасці, якія павінны ляжаць у аснове сацыяльных узаемадзеянняў, — сказаў Уладзімір Цярэнцьеў. — Такі падыход дазваляе на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў незалежнасці захоўваць у Беларусі мір і талерантнасць паміж прадстаўнікамі розных рэлігій і нацыянальнасцей.

Уладзімір Уладзіміравіч падкрэсліў, што ў нашай краіне расце колькасць вернікаў, узводзяцца новыя храмы. У прыватнасці, у Віцебску сёлета адкрыўся новы касцёл у мікрараёне Білева. А 25 снежня і іншыя рэлігійныя святы застаюцца важнымі сямейнымі ўрачыстасцямі, што аб'ядноўваюць у храмах, а затым і за трапезай прадстаўнікоў розных пакаленняў беларусаў.

Біскуп падзякаваў ганароваму госцю за ўвагу і падкрэсліў, што Нараджэнне Хрыстова дорыць хрысціянам надзею на збавенне і дапамогу Божую. Гэта надае асаблівы сэнс жыццю і дапамагае не ўпадаць у роспач у цяжкіх сітуацыях.
— Бог прыйшоў у гэты свет, каб аб'яднаць людзей. Напоўніць іх радасцю і спакоем. Няхай яго благаславенне будзе на кожным з нас, — адзначыў Алег Буткевіч. — Праз год будзем адзначаць 25-годдзе стварэння Віцебскай епархіі, таму ў нашых найбліжэйшых планах падрыхтоўка да гэтай знамянальнай даты.




