Уладзімір Церанцьеў прыняў удзел у дыялогавай пляцоўцы па абмеркаванні законапраектаў УНС з калектывам «Віцебскаблгаз»

Старажытная гісторыя народаўладдзя нашай краіны налічвае больш чым 1000 гадоў, лічыць старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў.

Кіраўнік дэпутацкага корпуса Віцебшчыны прыняў удзел у дыялогавай пляцоўцы, якая прайшла ва УП «Віцебскаблгаз» і была прысвечана абмеркаванню законапраектаў аб Усебеларускім народным сходзе (УНС) і зменах у Выбарчы кодэкс. Праекты дакументаў размешчаны ў адкрытым доступе, і кожны ахвотны можа з імі азнаёміцца. Аднак, як паказвае практыка, не ўсе беларусы ўсведамляюць маштабнасць змяненняў, якія павінны адбыцца ў грамадска-палітычным жыцці краіны ў бліжэйшыя гады.

— Такія дыялогавыя пляцоўкі патрэбны для таго, каб растлумачыць максімальна шырокаму колу грамадзян нюансы цяперашніх заканадаўчых ініцыятыў, бо яны стануць асновай для правядзення ўнутранай і знешняй палітыкі нашай дзяржавай у будучыні. Будзе створаны новы орган народаўладдзя, які дазволіць прадстаўнікам розных слаёў насельніцтва сумесна прымаць найважнейшыя рашэнні, што тычацца далейшага лёсу Беларусі, — сказаў Уладзімір Церанцьеў. — У працэс інфармавання ўключаны не толькі прадстаўнікі ўлады, але і іншыя, напрыклад, юрысты і гісторыкі. Яны здольныя адказаць на многія пытанні, якія ўзнікаюць падчас гутарак. Акрамя таго, іх задача — перадаць прапановы, што паступілі на месцах, арганізатарам грамадскага абмеркавання, каб іх выкарыстоўвалі пры дапрацоўцы законапраектаў.

Кіраўнік абласнога Савета дэпутатаў падкрэсліў, што надзейны фундамент, на якім мы будуем сёння УНС, — беларуская дзяржаўнасць. У нас больш чым тысячагадовая гісторыя народнага сходу — веча, якое адыгрывала важную ролю ў старажытных гарадах славян. Не варта забываць і пра статут ВКЛ XVI стагоддзя, напісаны на старабеларускай мове і які з'яўляўся Канстытуцыяй некалькіх дзяржаў.

— Папярэднія пакаленні напрацавалі цудоўную базу, якую трэба выкарыстоўваць, — паведаміў Уладзімір Церанцьеў. — Найбольш яскравы прыклад з савецкага мінулага — Канстытуцыя 1938 года. У той час Беларусь была падзелена на дзве часткі. Калі ў заходняй крымінальна пераследавалася выкладанне ў мясцовых школах на роднай мове, то ва ўсходняй Асноўны закон прадугледжваў чатыры дзяржаўныя мовы, у тым ліку ідыш і польскую.

Ганаровы госць адзначыў, што ў новым законапраекце на УНС ускладаюцца самыя адказныя функцыі, яго рашэнні будуць мець сапраўды лёсавызначальнае значэнне для краіны. Таму так важна, што яны аддаюцца ў веданне «калектыўнага розуму», якім стане орган народаўладдзя.

"Віцебскія весці"