Уладзімір Церанцьеў прыняў удзел у адкрыцці першай змены ў дзіцячым аздараўленчым лагеры «Энергетык»
ААТ «Энергетык» у вёсцы Малыя Лётцы Віцебскага раёна днямі расчыніў свае дзверы для юных адпачывальнікаў. У першай урачыстай лінейцы з нагоды адкрыцця змены прыняў удзел старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў. Ён падзяліўся з дзецьмі ўспамінамі пра сваё дзяцінства ў піянерскіх лагерах, пажадаў ім добра адпачыць і аздаравіцца.
Таксама сярод ганаровых гасцей урачыстага мерапрыемства – намеснік генеральнага дырэктара РУП «Віцебскэнерга» Уладзімір Дзіклоў. Ён адзначыў, што ў выхаваўчай і забаўляльнай праграме ў гэтым сезоне акцэнт будзе зроблены на патрыятычнае выхаванне, частка мерапрыемстваў пройдуць пад знакам Года народнага адзінства.
У першую змену ў лагеры адпачывае 191 дзіця ва ўзросце ад 6 да 14 гадоў, усяго за лета плануецца аздаравіць каля 800 дзяцей.
Варта адзначыць, што «Энергетык» стаў адным з дзевяці загарадных дзіцячых аздараўленчых лагераў з кругласутачным знаходжаннем, дзе ў гэтым сезоне адзначаецца высокі попыт на пуцёўкі і прадугледжаны чатыры змены. У «Энергетыку» аздараўленчая кампанія працягнецца да 25 жніўня.