Уладзімір Церанцьеў прыняў удзел у падвядзенні вынікаў абласнога конкурсу фатаграфій і дзіцячага малюнка «Узоры Прыдзвінскага краю»
Арганізавала конкурс Віцебская абласная арганізацыя РГА «Белая Русь», выстава праходзіла ў дзіцячай школе мастацтваў №3 Віцебска «Маладзік» усё лета. За гэты час яе наведалі каля 600 дзяцей, якія адпачывалі ў школьных лагерах дзённага знаходжання. Там жа пераможцы атрымалі дыпломы і падарункі.
У конкурсе ўдзельнічалі дзеці з усіх раёнаў Віцебшчыны, якія даслалі каля 300 работ. Лепшыя вызначаліся ў трох намінацыях – жывапіс, графіка, фатаграфія, а таксама па трох узроставых групах: з 5 да 8 гадоў, з 9 да 11 і старэйшыя за 12 гадоў.
Усяго – каля 30 уладальнікаў 1 — 3-га месца. Спецыяльны прыз «За душэўнасць» прысуджаны фотарабоце вучня СШ №46 Антона Камарова.
– Мэты конкурсу – не толькі выявіць таленавітых дзяцей, але і выхаваць любоў да роднага краю, сям'і, зацікавіць вывучэннем гісторыі і культуры сваёй краіны, – сказаў старшыня абласнога Савета дэпутатаў і абласной арганізацыі РГА «Белая Русь» Уладзімір Церанцьеў.