Уладзімір Церанцьеў прыняў удзел ва ўрачыстых лінейках у Гарадоцкім раёне
Кіраўнік дэпутацкага корпуса Віцебшчыны разам з кіраўніцтвам раёна стаў ганаровым госцем урачыстых лінеек, прысвечаных 1 верасня, у СШ №1 і СШ №2 у райцэнтры, у школе ў аграгарадку Бычыха.
— У бягучым годзе на Гарадоччыне ўпершыню за парты селі каля 180 дзяцей. Гэта сведчыць аб тым, што ў вашай малой радзімы ёсць будучыня і патэнцыял для развіцця. Радуе, што вашы дзеці ўсё часцей заяўляюць аб сабе на абласных і рэспубліканскіх прадметных алімпіядах, — сказаў Уладзімір Цярэнцьеў. — Мы, са свайго боку, стараемся ўдзяляць увагу ўсім установам адукацыі незалежна ад таго, дзе яны знаходзяцца, каб кожнае дзіця магло атрымаць добрую адукацыю ў камфортных умовах.
Уладзімір Уладзіміравіч адзначыў, што для будучых выпускнікоў новы навучальны год будзе асабліва цяжкім — ім трэба будзе інтэнсіўна займацца і разам з бацькамі вызначацца, куды паступаць. А тым, хто толькі перайшоў парог школы, параіў уважліва слухаць настаўнікаў і заводзіць новыя знаёмствы.
— У нашых школах працуюць згуртаваныя калектывы педагогаў, якія да ўсіх дзяцей ставяцца як да родных, стараюцца даць ім максімум ведаў, каб падрыхтаваць да самастойнага жыцця. Таксама прывіваюць любоў да малой радзімы і яе гісторыі, — паведаміў старшыня райвыканкама Пётр Карабач.
Прадстаўнікі ўлады падарылі ўстановам адукацыі сертыфікаты на набыццё абсталявання і спартыўнага інвентару, а першакласнікам — кнігі і прысмакі. Дырэктары ад імя педагагічных калектываў і бацькоў падзякавалі кіраўніцтва вобласці і раёна за тое, што ўдзяляюць увагу сістэме адукацыі Гарадоччыны не толькі па святах, але і на рэгулярнай аснове, дапамагаючы ўмацоўваць матэрыяльна-тэхнічную базу і набываць сучасную тэхніку, якая дазваляе паглыбляць веды дзяцей. Так, нядаўна завяршыўся капітальны рамонт СШ №2 Гарадка. Пераўтварыўся харчаблок, ацяпляльная і вентыляцыйная сістэмы, электра- і водазабеспячэнне, каналізацыя. Заменены асвятляльныя прыборы. Мадэрнізаваны спартыўная і актавая залы, навучальныя кабінеты, асабліва працоўнага навучання. Для хлопчыкаў закупілі станкі па апрацоўцы металу і дрэва, для дзяўчынак абсталявалі швейную і майстэрню па дамаводстве. З'явіўся новы лінгафонны кабінет, бібліятэка ператварылася ў інфармацыйна-рэсурсны цэнтр, дзе можна і кнігу пачытаць, і патрэбныя звесткі ў глабальнай сетцы пашукаць.
— На капрамонт было выдаткавана каля 2,5 млн руб. Акрамя таго, неабходныя работы летам правялі і ў іншых школах, — адзначыў Уладзімір Церанцьеў. — Паступова установам адукацыі прысвойваюцца імёны вялікіх землякоў або людзей, якія адыгралі значную ролю ў гісторыі раёна. Так, СШ №1 названа ў гонар двойчы Героя Савецкага Саюза маршала Івана Баграмяна, які камандаваў войскамі 1-га Прыбалтыйскага фронту, што вызвалялі Гарадоччыну ў канцы 1943 года ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. СШ №2 будзе насіць імя Аляксандра Сабалеўскага — мясцовага ўраджэнца, медыка, які стаў першым у СССР, хто ў мірны час атрымаў зорку Героя Савецкага Саюза.
У Бычысе да дэлегацыі, якая віншуе навучэнцаў і педагогаў, далучыўся выпускнік мясцовай школы, былы кіраўнік МНС Беларусі, а цяпер старшыня Беларускай федэрацыі валейбола Уладзімір Вашчанка. Ён пажадаў дзецям вучыцца на выдатна і не баяцца ставіць перад сабой амбіцыйныя мэты, бо ў Беларусі адукацыя на вёсцы не горшая, чым у гарадах. Падарыў роднай установе адукацыі прафесійнае абсталяванне для заняткаў валейболам, а дзецям з 1 класа — школьныя прыналежнасці.