Уладзімір Церанцьеў правёў сустрэчу з калектывам Віцебскай СДЮШАР №1

У Цэнтры па скачках на батуце Віцебска адбылася сустрэча старшыні абласнога Савета дэпутатаў Уладзіміра Церанцьева з калектывам СДЮШАР №1, прысвечаная абмеркаванню маючага адбыцца рэспубліканскага рэферэндуму па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.

Спачатку Уладзімір Уладзіміравіч здзейсніў гістарычны экскурс, расказаўшы пра эвалюцыйныя перадумовы новаўвядзенняў у Асноўны закон краіны. У прыватнасці, ён паведаміў пра канстытуцыі, якія існавалі ў розныя эпохі на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Расказаў пра станаўленне беларускай дзяржаўнасці.

І перайшоў да таго, як стартаваў працэс унясення змяненняў і дапаўненняў у цяперашнюю Канстытуцыю:

– У 2019 годзе Прэзідэнт паставіў задачу перад Канстытуцыйным Судом перагледзець Канстытуцыю, – адзначыў Уладзімір Церанцьеў. – Яна павінна быць больш дэмакратычнай і даць больш магчымасцей для іншых галін улады.

Уладзімір Уладзіміравіч спыніўся на планах новаўвядзенняў палітычнай сістэмы.

– Частка функцый і паўнамоцтваў Прэзідэнта перадаюцца ўраду, Нацыянальнаму сходу і новаму органу – Усебеларускаму народнаму сходу, – адзначыў Уладзімір Церанцьеў.

Далей ён расказаў, якім чынам будуць абірацца дэлегаты УНС. Падкрэсліў, што туды могуць трапіць прадстаўнікі працоўных калектываў. І паведаміў пра планы функцый УНС.

– У тым ліку ўпершыню ўсіх суддзяў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў будзе прызначаць толькі Усебеларускі народны сход, – адзначыў Уладзімір Уладзіміравіч. – Гэтак жа, як і прызначаць членаў Цэнтральнай выбарчай камісіі. Гэта сур'ёзныя змены, якія вядуць да дэмакратызацыі грамадства. Ці гатовыя мы да іх? Пакажа галасаванне.

Таксама старшыня абласнога Савета дэпутатаў завастрыў увагу на важнасці замацавання ў Асноўным законе пытанняў гістарычнай памяці.

– На жаль, у нашы дні адбываецца перакручванне гісторыі, у прыватнасці Вялікай Айчыннай вайны. У той жа час падчас расследавання крымінальнай справы па факце генацыду Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны нацысцкімі злачынцамі і іх пасобнікамі мы даведваемся новыя шакуючыя дадзеныя. Напрыклад, яшчэ 20 гадоў ніхто не ведаў, што ў Асвейскім раёне, дзе быў знішчаны кожны другі мясцовы жыхар, у ролі звяроў выступалі латышскія і ўкраінскія нацыяналісты.

Пракаментаваў Уладзімір Уладзіміравіч і некаторыя іншыя планаваныя новаўвядзенні Асноўнага закона.

– У новай Канстытуцыі ўпершыню пазначаны наш статус ядзернай дзяржавы. Пры гэтым прапісана, што гэта мірны атам, які ідзе на будаўніцтва атамных электрастанцый. Пазначана, што мы здымаем з сябе нейтральны статус, але прапісваем, што ніколі з тэрыторыі нашай краіны воінскія падраздзяленні не пачнуць баявых аперацый. У Канстытуцыі падкрэслена наша абаронная дактрына. А яшчэ прапісваем, што шлюб – гэта саюз мужчыны і жанчыны. Здавалася б, звычайная справа, многія ўсміхаюцца, чуючы гэта. Але ў некаторых суседніх краінах па гэтым пытанні адбываецца раскол грамадства.

У завяршэнне свайго выступлення Уладзімір Церанцьеў заклікаў прысутных прагаласаваць на рэферэндуме 27 лютага.

"Віцебскія весці".