Уладзімір Церанцьеў правёў выязны прыём грамадзян у Гарадоцкім раёне

Выязны прыём грамадзян прайшоў у Бычыхінскім сельсавеце.

Кіраўнік дэпутацкага корпуса Віцебшчыны разам з прадстаўнікамі райвыканкама сустрэўся з жыхарамі вёсак Малашонкі, Гуркі, Лахі і аграгарадка Бычыха. Дзясяткі людзей скарысталіся магчымасцю пагутарыць з кіраўнікамі вобласці і раёна ў нязмушанай абстаноўцы (напрыклад, у месцы прыпынку аўталаўкі, бібліятэцы або на пляцоўцы ля былой крамы), задаць пытанні, якія цікавяць, агучыць прапановы па паляпшэнні ўзроўню жыцця на вёсцы.

— Так званы дзень сельсавета, калі ў невялікія населеныя пункты прыязджаюць першыя асобы раёна, каб выслухаць вяскоўцаў, — вельмі эфектыўная форма працы з грамадзянамі. Такім чынам удаецца на месцы і аператыўна вырашаць большасць узнікаючых цяжкасцей, не прыцягваючы да працэсу вышэйстаячыя дзяржаўныя структуры, — сказаў Уладзімір Церанцьеў. — У Бычыхінскім сельсавеце, як і ў іншых кутках Віцебшчыны, людзей традыцыйна хвалявалі праблемы, звязаныя з камунальнай гаспадаркай, дарогамі, уборкай аварыйных дрэў, падвозам дроў. Адной з цэнтральных тэм стала праца спажывецкіх таварыстваў, у прыватнасці, закрыццё крамаў, неабходнасць змяняць маршруты аўталавак, высокія цэны і асартымент на прылаўках.

На выязны прыём у Бычыхінскі сельсавет прыйшло 23 чалавекі.

"Віцебскія весці", фота "Гарадоцкі веснік"