Уладзімір Церанцьеў: рамонтныя і будаўнічыя работы да "Дажынак-2022" у Глыбокім ідуць па графіку

Больш за 100 аб'ектаў будуць пераўтвораны да абласнога свята працаўнікоў вёскі "Дажынкі-2022" у Глыбокім, рамонтна-будаўнічыя работы ідуць па графіку. Пра гэта падчас работы абласнога штаба па падрыхтоўцы да правядзення свята аграрыяў паведаміў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў.

Адносна даты "Дажынак-2022" кіраўнік дэпутацкага корпуса адзначыў, што яе вызначаць па завяршэнні ўборачнай кампаніі гэтага года. "Традыцыйна гэта апошняя дэкада верасня - пачатак кастрычніка. Чым раней пройдзе абласное свята працаўнікоў вёскі, тым цяплейшым будзе надвор'е. Вядома, мы будзем глядзець па ходзе ўборачнай кампаніі. Калі ўдасца правесці "Дажынкі-2022" у Глыбокім у сярэдзіне верасня, то мы і да гэтага будзем гатовыя: усе работы вядуцца па графіку і будуць завершаны ў тэрмін", - падкрэсліў Уладзімір Церанцьеў.

Сёння прадстаўнікі аблвыканкама і аблсавета наведалі Глыбокае і ацанілі ход падрыхтоўкі да свята. "У райцэнтры вядуцца работы па капрамонце дзевяці жылых дамоў, і ў чэрвені здадуць з іх сем. Завяршыўся бягучы рамонт двух дамоў з запланаваных чатырнаццаці. Актыўна вядуцца дарожна-рамонтныя работы, усяго ў Глыбокім трэба будзе ўкласці каля 18 км новага дарожнага палатна. Плюс да гэтага будзе абноўлена 3 км тратуараў. Тэрмін завяршэння гэтых работ - ліпень", - распавёў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Глыбоцкага райвыканкама Андрэй Галубеў.

Ён дадаў, што асноўнымі сацыяльнымі аб'ектамі, дзе будуць праведзены маштабныя работы па капрамонце, з'яўляюцца мясцовы ФАК і СШ №3, якая неўзабаве стане гарадской гімназіяй. Галоўны спартыўны аб'ект райцэнтра плануюць увесці ў строй да 1 ліпеня, а да канца месяца здадуць у строй і школу. У будучай гімназіі правядуць поўную рэнавацыю сцен, унутранае аздабленне, а таксама добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі. Новы навучальны год юныя жыхары Глыбокага сустрэнуць ужо ў абноўленым будынку.

У планах яшчэ правесці бягучы рамонт цэнтральнай раённай паліклінікі, прыёмнае аддзяленне якой ужо змянілася. У цэлым больш за 100 аб'ектаў у Глыбокім набудуць новы выгляд і будуць радаваць не толькі жыхароў раёна, але і гасцей восеньскага свята аграрыяў.

БЕЛТА.