Уладзімір Церанцьеў перакананы, што прадстаўнікі Віцебшчыны годна выступяць на XIX Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў у Сочы
На маштабнай выстаўцы Беларусь будзе прэзентавана як краіна-гаспадыня Еўрагульняў-2019 і чэмпіянату свету па хакеі, які разам з Латвіяй мы будзем прымаць у 2021 годзе. У праграме фестывалю мноства мерапрыемстваў – дыскусійных, культурных, дасугавых, спартыўных. Кожны дзень у адпаведнасці з традыцыямі будзе прысвечаны аднаму з макрарэгіёнаў планеты (Амерыка, Блізкі Усход, Азія і Акіянія, Еўропа, Расія як гаспадыня форуму).
Сярод тэм для абмеркавання – культурнае ўзаемадзеянне, міжнародная бяспека, адукацыя, навука і навакольнае асяроддзе, IT, а таксама пытанні, звязаныя з працаўладкаваннем моладзі, праблемы экалогіі і інш. Тэмы праграмы сфармуляваны з улікам Мэт ААН у галіне ўстойлівага развіцця.
Кожны з прадстаўнікоў Віцебшчыны будзе працаваць па пэўных напрамках, і гэта дасць магчымасць пашырыць кола сваіх ведаў.
– Зыходзілі з таго, што калі малады чалавек працуе на чыгунцы, то ён прыме ўдзел у рабоце пляцоўкі, дзе пойдзе гаворка пра перспектывы развіцця гэтага віду транспарту, калі ў фармацэўтыцы – то пляцоўкі, дзе абмяркуюць развіццё дадзенага напрамку ва ўсім свеце. Гэта значыць кожны зможа сябе паказаць на прафесійным узроўні, пагутарыць з калегамі і ўнесці ўклад у самаадукацыю, – адзначыў Уладзімір Уладзіміравіч.
Ён узначаліць дэлегацыю нашай вобласці, і ў такой моладзевай кампаніі, як прызнаўся, сам адчувае сябе па-маладзёжнаму.
– Для мяне гэта цудоўная магчымасць пагутарыць з новым пакаленнем, а таксама з калегамі, у тым ліку ў Сочы паедуць мае былыя калегі па працы ў камсамоле. І, вядома, магчымасць паглядзець, чым жыве моладзь свету, убачыць усё самае лепшае, – адзначыў кіраўнік дэпутацкага корпуса Віцебшчыны.
Меркаванне
Крысціна Нікіфарава, студэнтка ПДУ, прызёр рэспубліканскага этапу конкурсу «Каралева Вясна-2017», прадстаўніца Беларусі на міжнародным фінале:
– Паездка на Сусветны фестываль для мяне вельмі знакавая падзея. Я буду ўдзельнічаць у культурнай і спартыўнай праграме фестывалю, буду задзейнічана ў выставе, дзе мы пазнаёмім моладзь з іншых краін з нашай культурай і традыцыямі. І асабіста для сябе хачу наведаць шмат мерапрыемстваў, ужо спрабую спланаваць, як знайсці для гэтага час. Праграма вельмі насычаная і цікавая, прыязджаюць знакамітыя людзі, напрыклад Нік Вуйчыч, вядома, хацелася б пабываць на дыскусійнай праграме з яго ўдзелам. Прыедуць розныя акцёры, спявачкі, музыканты. Мне гэта ўсё цікава.
Даведка «ВВ»
Першы Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў адбыўся ў 1947 годзе ў Празе. У ім прынялі ўдзел 17 тысяч чалавек з 71 краіны. Першапачатковымі задачамі форуму былі барацьба за мір, правы моладзі і незалежнасць народаў.
VI Сусветны фестываль 1957 года, які прайшоў у Маскве, стаў самым масавым за ўсю гісторыю фестывальнага руху.
Самай заходняй кропкай правядзення фестывалю стала сталіца Кубы Гавана, самай усходняй – Пхеньян. У 2001 годзе фестываль упершыню прайшоў у Афрыцы – у Алжыры.