Уладзімір Церанцьеў: «У дзяржаве многае мяняецца, але сацыяльныя гарантыі нікуды не знікаюць, а замацоўваюцца»

З працоўнымі калектывамі сферы культуры, а таксама старшынямі сельвыканкамаў Сенненскага раёна сустрэліся старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў і начальнік галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг аблвыканкама Ірына Леўковіч.

Асноўная тэма сустрэчы – праект змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У ходзе размовы ўзнімаліся і іншыя важныя для жыхароў рэгіёна пытанні.

Асаблівая ўвага была нададзена падтрымцы дзяцей і моладзі, захаванню гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне, клопату аб пажылых людзях і інвалідах, сацыяльных гарантыях.

Уладзімір Церанцьеў акцэнтаваў увагу на тым, наколькі важна падтрымаць вынесеныя на рэферэндум змяненні і дапаўненні ў Асноўны закон краіны. Ён таксама падкрэсліў, што вялікую інфармацыйна-прапагандысцкую працу ў раёне праводзяць старшыні сельвыканкамаў. Менавіта яны, сустракаючыся з людзьмі, павінны растлумачыць грамадзянам, навошта і чаму трэба ісці на рэферэндум.

Уладзімір Церанцьеў нагадаў, што ўжо зроблена ў раёне для паляпшэння жыцця грамадзян. Гаварыў аб рамонце, які цяпер праводзіцца ў цэнтральнай раённай бальніцы, абноўленых СШ №2 і парку 40-годдзя Перамогі, які пасля значнай рэканструкцыі стаў кропкай прыцягнення для многіх сенненцаў. Спыніўся Уладзімір Уладзіміравіч і на праблемах. У прыватнасці, на тым, што ў рэгіёне трэба развіваць вытворчую сферу.

– Вам самім трэба дакладна разумець, што змяняецца ў палітычнай сістэме. Мы сёння, у першую чаргу, цэментуем тыя сацыяльныя гарантыі, якія маем. У дзяржаве шмат што мяняецца, але сацыяльныя гарантыі нікуды не сыходзяць, а замацоўваюцца. Пра гэта трэба памятаць, – звярнуўся Уладзімір Цярэнцьеў да прысутных на сустрэчы.

Кіраўнік дэпутацкага корпуса Віцебшчыны падрабязна спыніўся на тэме каранавіруса. Ён нагадаў, што людзям варта старанна клапаціцца пра сваё здароўе, прыслухоўвацца да рэкамендацый урачоў.