Уладзімір Церанцьеў сустрэўся з калектывам Віцебскага абласнога клінічнага цэнтра псіхіятрыі і наркалогіі

Наша краіна шматнацыянальная, і яе жыхары ўмеюць выбудоўваць сяброўскія, адкрытыя, добразычлівыя адносіны з прадстаўнікамі розных народаў. Такая пазіцыя захаваецца і надалей. Але гэта не значыць, што мы павінны забыцца пра страшныя падзеі Вялікай Айчыннай, пра генацыд беларускага народа і Халакост, пра велізарныя страты, якія панесла родная зямля ў гады барацьбы з фашызмам. У часы СССР не прынята было прыцягваць увагу да фактаў, якія маглі кінуць цень на нейкія саюзныя рэспублікі. Напрыклад, гаварыць пра шматлікія латышскія паліцэйскія батальёны, якія дзейнічалі з 1941 года, або пра створаны пазней Латышскі легіён СС, пра звярствы, якія яны чынілі на акупаваных фашыстамі тэрыторыях. Але сёння, адзначыў Уладзімір Церанцьеў, унукі і праўнукі тых, хто некалі ў складзе войскаў СС бязлітасна знішчаў мірнае насельніцтва, спрабуюць перапісваць гісторыю, зносіць помнікі, знішчаць пахаванні савецкіх воінаў.

Старшыня абласнога Савета дэпутатаў падчас сустрэчы з медыкамі шмат расказаў ім пра тое, што і як адбывалася на тэрыторыі Беларусі ў гады вайны. Падводзячы вынік, ён падкрэсліў, што неабходна працягваць даследаваць нераскрытыя старонкі гісторыі і адначасова захоўваць тое, што ўжо вядома, перадаючы памяць пра ваенныя падзеі падрастаючаму пакаленню.
Выступленне зрабіла моцнае ўражанне.
— Я назірала за калектывам і бачыла, як у працэсе гутаркі мяняліся твары, — заўважыла галоўны ўрач установы аховы здароўя Алена Мартынава.

Алена Валер'еўна распавяла, што ў абласным клінічным цэнтры псіхіятрыі і наркалогіі таксама нямала робіцца для захавання памяці аб мінулым. Напрыклад, супрацоўнікі абсталявалі стэнд «У страі заўжды, у памяці навекі!», дзе вырашылі размяшчаць звесткі аб сваіх продкаў, якія змагаліся з фашыстамі ў гады Вялікай Айчыннай. Калектыў уключыўся ў працэс вельмі актыўна, таму інфармацыя абнаўляецца кожныя тры месяцы, каб як мага больш чалавек змаглі расказаць калегам аб сваіх сваяках, якія супрацьстаялі акупантам.
— Чалавек, які памятае сваё мінулае, мае будучыню. А Іван роднасці не памятаючы — гэта шлях у нікуды, — упэўнена Алена Мартынава. — Таму мы будзем працягваць гэту працу.
— Нам часам здаецца, што мы ведаем усе гістарычныя факты, што ўсё перагаворана дзясяткі разоў. А насамрэч з'яўляюцца новыя даныя, адкрываюцца новыя аспекты мінулых падзей, — растлумачыў Уладзімір Церанцьеў. — Таму вельмі важна сустракацца з калектывамі — гэта могуць быць і педагогі, і ўрачы, і проста рабочыя на прадпрыемствах. Трэба размаўляць з людзьмі шчыра, адкрыта, даносіць тую гістарычную праўду, якая сёння ёсць.

На думку кіраўніка дэпутацкага корпуса Віцебшчыны, карысць такіх сустрэч відавочная.
— Я думаю, нават калі сёння хтосьці прыйдзе дадому, сядзе са сваімі дзецьмі, адкрые інтэрнэт і пачне шукаць даныя аб сваіх прадзедах-прабабулях — гэта будзе ўжо вынік, аб якім мы гаворым, — адзначыў Уладзімір Церанцьеў. — Або калі людзі ўбачаць рэпартаж з Латвійскай Рэспублікі, дзе зносяць нашы помнікі, і не будуць за кубкам гарбаты абмяркоўваць, што для Прыбалтыкі Чырвоная армія была акупацыйнай, а ўспомняць аб тых латышах, якія ў складзе эсэсаўскіх батальёнаў забівалі мірнае насельніцтва, і зусім па-іншаму паглядзяць на гэтыя гістарычныя падзеі.