Уладзімір Церанцьеў сустрэўся з выкладчыкамі і студэнтамі ВДУ імя П.М. Машэрава
— Сёння мая мэта — сустрэцца з прафесарска-выкладчыцкім складам універсітэта і тымі студэнтамі, якія ўпершыню будуць галасаваць. Асноўная задача — гэта растлумачыць змены ў нашым заканадаўстве, у першую чаргу ў Выбарчым кодэксе, каб затым педагогі маглі весці такую ж тлумачальную працу сярод моладзі, — растлумачыў Уладзімір Цярэнцьеў.
Ён адзначыў: кожны сам вырашае, ці прымаць удзел у выбарах і за каго аддаць свой голас.
— Але задача ўлады — зрабіць так, каб максімальная колькасць грамадзян Рэспублікі Беларусь прыйшла на выбарчыя ўчасткі, — выказаў меркаванне Уладзімір Цярэнцьеў.
Падчас гутаркі з педагогамі ён дэталёва растлумачыў, калі пачынаюцца і што ўключаюць усе этапы падрыхтоўкі да выбараў дэпутатаў. Таксама кіраўнік дэпутацкага корпуса вобласці падкрэсліў, што 25 лютага 2024 года ў нашай краіне ўпершыню пройдзе адзіны дзень галасавання. Будзе фарміравацца склад парламента, і адначасова грамадзяне абяруць дэпутатаў мясцовых Саветаў розных узроўняў. Кожны выбаршчык атрымае на ўчастку не адзін бюлетэнь, а адразу некалькі. Таму так важная папярэдняя тлумачальная праца: неабходна данесці да людзей усю патрэбную інфармацыю, каб чалавек разумеў, які з дэпутатаў якую галіну ўлады прадстаўляе.
На сустрэчы са студэнтамі акцэнты былі крыху іншымі. Уладзімір Цярэнцьеў назваў першыя ў жыцці маладых людзей выбары «экзаменам на грамадзянскую сталасць». Ён тлумачыў юнакам і дзяўчатам, у чым заключаецца праца дэпутатаў, на што яны могуць паўплываць, як ад рашэнняў і ініцыятыўнасці народных абраннікаў залежыць жыццё рэгіёнаў і дзяржавы ў цэлым.
— Ваша будучыня і будучыня ўсёй краіны залежыць менавіта ад тых, хто займаецца законатворчасцю, — падкрэсліў Уладзімір Уладзіміравіч.
Асабліва ён спыніўся на тым, што неяўка на выбары — гэта таксама праява пэўнай грамадзянскай пазіцыі. Але зрэлай яе назваць ніяк нельга, і годнай будучыні такім чынам пабудаваць немагчыма.
— Вырашаць вам. Думаць вам, — сказаў Уладзімір Церанцьеў студэнтам. — Але тое, што трэба ісці галасаваць, — гэта безумоўна.
Важна, каб у Саветы ўсіх узроўняў у выніку трапілі людзі, якія будуць працаваць на дабро ўсяго народа і кожнага канкрэтнага выбаршчыка, адзначыў кіраўнік дэпутацкага корпуса Віцебшчыны.
У завяршэнне сустрэчы студэнты задалі старшыні абласнога Савета дэпутатаў свае пытанні.
Фота Лідзіі ІЎЧАНКА