Улада абавязана і будзе клапаціцца пра грамадзян, але і яны не павінны злоўжываць такім стаўленнем - А.Тозік

17 жніўня, Браслаў /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Улада абавязана і будзе клапаціцца ў нашай краіне аб грамадзянах, але і людзі не павінны злоўжываць такім стаўленнем з боку дзяржавы. Такое меркаванне выказаў журналістам намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Тозік сёння пасля прыёму грамадзян па асабістых пытаннях у Браславе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Па словах віцэ-прэм'ера, нярэдкія сітуацыі, калі адны і тыя ж грамадзяне дзясяткі разоў прыходзяць на прыём да чыноўнікаў рознага ўзроўню, хоць ужо ўстаноўлена, што ў іх адсутнічаюць падставы для сваіх патрабаванняў. Часам на прыёмы кожны чацвёрты ці пяты наведвальнік прыходзіць па прынцыпе "я іх усё роўна дастану". У такіх сітуацыях улада павінна паступаць больш жорстка, лічыць Анатоль Тозік.

Падводзячы вынікі прыёму ў Браславе, Анатоль Тозік сказаў, што ў большасці зваротаў людзі паднімаюць абгрунтаваныя пытанні, на вырашэнні якіх трэба звярнуць увагу і мясцовым уладам, і ўраду. Так, шматдзетныя маці звярнуліся з просьбай аб дапамозе ў добраўпарадкаванні сельскіх школ і будаўніцтве спартыўнай залы. Праблему па забеспячэнні вадой паднялі жыхары вёскі Багіно. З-за недастатковага фінансавання ў вёсцы засталося незавершаным будаўніцтва артэзіянскай свідравіны. Больш за 220 жыхароў, у тым ліку дзеці, застаюцца без вады. Такія праблемы неабходна вырашаць у абавязковым парадку, нават цаной эканоміі фінансавых рэсурсаў на іншых аб'ектах, якія не патрабуюць тэрміновасці, падкрэсліў Анатоль Тозік. -0-