Укараненне гнуткіх сістэм аплаты працы ў Беларусі вядзецца павольна - П.Грушнік
13 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Укараненне новых гнуткіх сістэм аплаты працы ў Беларусі вядзецца павольнымі тэмпамі. Такое меркаванне выказаў сёння журналістам першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі Пётр Грушнік на рэспубліканскім семінары ў Віцебску.
Паводле яго слоў, свабодай у аплаце працы ў цэлым па рэспубліцы скарысталіся толькі 4,4% арганізацый, астатнія 95,6% арганізацый захавалі раней дзеючыя сістэмы аплаты працы на аснове Адзінай тарыфнай сеткі (ЕТС). Сярод арганізацый камунальнай формы ўласнасці 9,9%, 90,1% арганізацый таксама захавалі раней дзеючыя сістэмы аплаты працы. Лідарамі па прымяненні гнуткіх сістэм аплаты працы ў разрэзе рэгіёнаў з'яўляюцца Гродзенская і Віцебская вобласці, у якіх дадзеныя сістэмы прымяняюцца адпаведна ў 116 і 104 арганізацыях.
Пётр Грушнік адзначыў, што ўся гісторыя сістэм аплаты працы, пачынаючы з 90-х гадоў, грунтавалася на адзінай тарыфнай сетцы. Усе наймальнікі да гэтага прывыклі. Аднак ва ўмовах хуткіх эканамічных змяненняў узнікла неабходнасць прымяняць новыя гнуткія сістэмы аплаты працы для таго, каб аператыўней стымуляваць розныя напрамкі дзейнасці чалавека. З гэтай мэтай у снежні 2010 года была прынята Дырэктыва №4, а ў маі 2011 года ўказ №181. "Праведзены маніторынг паказаў, што ўкараненне новых форм аплаты працы ідзе павольна. Гэта значыць, пакуль у гэту раку ўступілі самыя смелыя, тыя арганізацыі, якія хутчэй рэагуюць на змены", - канстатаваў першы намеснік міністра, падкрэсліўшы, што тэмп эканамічнага развіцця рэспублікі мог бы быць і вышэйшым, калі б гэтыя формы аплаты працы актыўней развіваліся.
Рэспубліканскі навукова-практычны семінар на тэму "Новыя магчымасці для наймальнікаў у выбары форм і сістэм аплаты працы ва ўмовах лібералізацыі эканамічнай дзейнасці камерцыйных арганізацый", арганізаваны на базе кандытарскага камбіната "Віцьба", сабраў каля 40 кіраўнікоў і спецыялістаў навуковых і камерцыйных арганізацый, прадстаўнікоў Мінпрацы і сацабароны, аблвыканкамаў. Аналагічныя семінары будуць арганізаваны ў кожнай вобласці рэспублікі і Мінску на базе канкрэтных прадпрыемстваў, наступны запланаваны ў Гомелі.-0-