На рэспубліканскай канферэнцыі ў Віцебску абмяркуюць укараненне інавацый у бібліятэках ВНУ

11 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Укараненне інавацый і праблемы ўдасканалення традыцыйных метадаў працы ВНУ бібліятэк будуць абмяркоўвацца на рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі 12-13 мая ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.Машэрава. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла дырэктар навуковай бібліятэкі ВДУ Ірына Качмар. У мерапрыемстве прымуць удзел больш за 40 кіраўнікоў навуковых і фундаментальных бібліятэк ВНУ з усіх рэгіёнаў краіны, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а таксама прадстаўнікі бібліятэчных устаноў ВНУ Расіі і Украіны. У ходзе канферэнцыі спецыялісты абмяняюцца вопытам работы па забеспячэнні вучэбна-выхаваўчай работы і навукова-даследчай дзейнасці ВНУ, разгледзяць праблемы фарміравання і захавання бібліятэчных фондаў, абслугоўвання чытачоў, а таксама прыярытэтныя напрамкі развіцця ВНУ бібліятэк. Асаблівую ўвагу плануецца надаць пытанням аўтаматызацыі бібліятэчнай дзейнасці і ўкараненню сістэмы менеджменту якасці ў працу ВНУ бібліятэк. Матэрыялы канферэнцыі выдадуць у выглядзе зборніка, які будзе цікавы ўсім катэгорыям работнікаў бібліятэчнай сістэмы ў практычнай дзейнасці. Канферэнцыя прысвечана 100-годдзю з дня ўтварэння навуковай бібліятэкі Віцебскага дзяржуніверсітэта, якое будзе адзначацца ў 2010 годзе. Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.Машэрава і фундаментальная бібліятэка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Навуковая бібліятэка ВДУ заснавана ў 1910 годзе як бібліятэка Віцебскага настаўніцкага інстытута. Да 1913 года яе фонд налічваў каля 3 тыс. тамоў больш за 1,5 тыс. назваў, у асноўным гэта была навучальная літаратура, а таксама кнігі па гісторыі царквы і хрысціянства, па пытаннях багаслоўя і рэлігійна-маральнага вучэння, мастацкая літаратура. Кніг было недастаткова для забеспячэння навучальнага працэсу, таму студэнты абавязваліся набываць падручнікі за свае асабістыя сродкі. Да 1941 года кніжны фонд бібліятэкі складаў ужо звыш 72 тыс. тамоў, у тым ліку рэдкія кнігі. У гады Вялікай Айчыннай вайны фонд не ўдалося эвакуіраваць з Віцебска, за час акупацыі горада ён быў разрабаваны і часткова знішчаны. Сёння навуковая бібліятэка ВДУ з'яўляецца інфармацыйным і культурным цэнтрам універсітэта, фонд бібліятэкі налічвае больш за 600 тыс. крыніц інфармацыі на розных носьбітах. Амаль усе тэхналагічныя працэсы аўтаматызаваны. Бібліятэка абслугоўвае 42 тыс. карыстальнікаў, у год выдаецца каля 1,5 млн. экз. кніг і іншых крыніц інфармацыі. Фонд рэдкай кнігі налічвае звыш 2,5 тыс. выданняў XIX-першай паловы XX стагоддзяў.-0-