Укараненне айчынных тэхналогій водаачысткі дазваляе эканоміць рэсурсы і развіваць экспарт - ДКНТ
12 чэрвеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Укараненне перадавых айчынных тэхналогій і тэхналагічных рашэнняў пры праектаванні сістэм водаачысткі і водазабеспячэння дазваляе эфектыўна вырашаць пытанні энерга- і рэсурсазберажэння, імпартазамяшчэння і развіваць экспарт паслуг. Такое меркаванне ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА выказаў намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях (Дзяржкамнавукі) Ігар Войтаў. Ён прымаў удзел у рэспубліканскім семінары па пытаннях укаранення сучасных тэхналогій і абсталявання, інавацыйных рашэнняў для сістэмы водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі Беларусі, які прайшоў у Віцебску.
У адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2007-2010 гады неабходна стварыць больш за 1 тыс. новых вытворчасцей і ўкараніць новыя тэхналогіі і вытворчыя лініі. Адным з напрамкаў рэалізацыі пастаўленай задачы з'яўляецца развіццё жыллёва-камунальнай і водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі краіны з прымяненнем новых тэхналогій і інавацыйных рашэнняў пры праектаванні сістэм водазабеспячэння, асабліва малых населеных пунктаў і аграгарадкоў.
"Для вырашэння пытанняў рэсурсазберажэння і імпартазамяшчэння неабходна шукаць аптымальныя схемы як пры праектаванні, так і пры ўкараненні сучасных айчынных тэхналогій водаачысткі, што павінна забяспечыць максімальны эфект пры мінімальных затратах", - адзначыў Ігар Войтаў. Гэта дае магчымасць вырашаць не толькі праблемы забеспячэння насельніцтва якаснай вадой, але і эканоміі рэсурсаў, у тым ліку фінансавых. Акрамя таго, айчынныя тэхналогіі ў галіне водаачысткі валодаюць добрым экспартным патэнцыялам. "У выніку ўсё гэта спрацуе на эканоміку Беларусі, дазволіць больш актыўна і эфектыўна рэалізоўваць дзяржпраграмы адраджэння вёскі і "Чыстая вада", - падкрэсліў намеснік старшыні Дзяржкамнавукі.
На семінары ў Віцебску абмяркоўваліся прапановы аб пераходзе на комплексны падыход пры праектаванні сістэм водазабеспячэння і водаачысткі населеных пунктаў, аб неабходнасці вядзення рэестраў пастаўленага і вырабленага ў краіне абсталявання для забеспячэння адсеву некваліфікаваных узораў. Праектныя арганізацыі выступілі з ініцыятывай па гарманізацыі айчыннага заканадаўства ў галіне ачысткі вод з заканадаўствам Еўрапейскага саюза.
У мерапрыемстве прымалі ўдзел прадстаўнікі праектных і экспертных арганізацый, прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі абласцей краіны, а таксама намеснікі старшыні аблсельгаспрадпрадпрыемстваў па будаўніцтве.
Арганізатарамі семінара выступілі РУП "Галоўдзяржбудэкспертыза" і УП "Палімерканструкцыя".-0-