Знешнегандлёвы абарот Віцебскай вобласці і Латвіі ў студзені-жнівень склаў $41,2 млн.
23 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Латвія з'яўляецца важным гандлёва-эканамічным партнёрам Віцебскай вобласці сярод дзяржаў далёкага замежжа і ЕС, заявіў сёння на сустрэчы з консулам Латвійскай Рэспублікі ў Віцебску Маргарытай Штэйна старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
З 2007 года Латвія ўвайшла ў чацвёрку асноўных спажыўцоў прадукцыі прадпрыемстваў Віцебскай вобласці з краін па-за СНД, саступаючы толькі Нідэрландам, Вялікабрытаніі і Эстоніі. Знешнегандлёвы абарот вобласці з Латвійскай Рэспублікай за 8 месяцаў 2009 года склаў $41,2 млн. Сальда гандлёвага балансу склалася станоўчым у памеры $33,2 млн.
Як адзначыў Аляксандр Косінец, з боку латвійскіх кампаній пераважаюць закупкі сыравіны з нізкай дабаўленай вартасцю для далейшай рэалізацыі ў Еўропу. У сувязі з гэтым Віцебскі аблвыканкам прапануе арыентаваць латвійскія кампаніі на арганізацыю ўласных вытворчасцей на тэрыторыі вобласці, атрыманне прадукту высокай ступені перапрацоўкі, выкарыстанне магчымасцей партоў Латвіі як тэрыторый спецыяльнай эканамічнай зоны для прасоўвання гатовага прадукту з латвійскім сертыфікатам у краіны далёкага замежжа.
На тэрыторыі вобласці зарэгістраваны 42 кампаніі з латвійскім капіталам. У 2009 годзе латвійскімі інвестарамі створаны 8 прадпрыемстваў са 100% замежным капіталам, 6 з іх выбралі асноўным відам дзейнасці будаўніцтва жылля. Старшыня аблвыканкама прапанаваў консулу ў Віцебску данесці да зацікаўленых латвійскіх прадпрымальнікаў прапановы аб стварэнні на тэрыторыі вобласці прадпрыемстваў па вытворчасці будаўнічых матэрыялаў, паліва з адходаў дрэваапрацоўкі, будаўніцтве інфраструктуры турызму і прыдарожнага сэрвісу.-0-