Унук знакамітага кампазітара Дзмітрыя Шастаковіча прадставіў у Віцебску фотасюіту
Унук знакамітага кампазітара Дзмітрыя Шастаковіча прадставіў у Віцебску фотасюіту. Выстава "Сон Татліна. Фотапраект Міці Шастаковіча" экспануецца ў музеі "Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У экспазіцыю ўвайшлі 19 чорна-белых фатаграфій, якія былі зроблены кампазітарам Дзмітрыем Максімавічам Шастаковічам 2 гады таму (у лістападзе-снежні 2011 года).
Аўтар, які прысутнічаў на вернісажы, адзначыў, што ўсе фатаграфіі праекта звязаны паміж сабой. "Гэтая фотасюіта распавядае пра тое, што сніцца Татліну - а яму сніцца бой са злом. Тут ёсць пачатак - фатаграфіі "Гучыць простая падбадзёрваючая музыка", кульмінацыя - "Штурм", перамога над злом - "Маладосць. Прыгажосць. Сіла" і ціхае замірэнне ў фінале", - распавёў ён.
Дзмітрый Шастаковіч падкрэсліў, што аснову фотапраекта складаюць працы, зробленыя на вуліцах Масквы, але ёсць сярод іх і трафей, прывезены з поўдня Францыі. "Фатаграфія "Перад атакай" зроблена на лініі Мажыно. Там жахлівыя бункеры, калі глядзіш на іх і думаеш, што ў баі трэба ісці на гэтую громаду, становіцца не па сабе", - адзначыў аўтар.
Назвы работ, якія напісаны ў цэнтры чырвонымі літарамі, нясуць важную эстэтычную нагрузку. "Мне падабаецца, як выглядаюць літары", - сказаў Шастаковіч і дадаў, што спецыяльна размяшчае іх у цэнтры кампазіцыі.
Адпраўным пунктам праекта стала праца "Трывожна і добра". "Бывае, ідзеш па вуліцы і адчуваеш трывогу. І ад гэтай трывогі становіцца добра - разумееш, што павінна адбыцца нейкая важная падзея. Гэты стан і адлюстраваны на фатаграфіі, пасля якой і з'явіліся ўсе астатнія", - прызнаўся Дзмітрый Шастаковіч.
Аўтар падкрэсліў, што ў Віцебску адбылася прэм'ера яго праекта, да гэтага выстаўляліся толькі асобныя працы. "Я ўпершыню ў Віцебску і ўпершыню знаходжуся на вернісажы ўласных работ. Мне тут вельмі камфортна і па-дамашняму добра. Адчуваю, што прыеду зноў з больш аптымістычным праектам", - сказаў у завяршэнне наваспечаны фотамастак.
На адкрыцці выставы прысутнічаў бацька Дзмітрыя - вядомы расійскі дырыжор і піяніст Максім Шастаковіч.
Выстава "Сон Татліна. Фотапраект Міці Шостаковіча" - адно са мерапрыемстваў XXV Міжнароднага музычнага фестывалю імя І.І. Салерцінскага, які праходзіць у Віцебску з 1 па 22 снежня.
Меламанам чакае сустрэча з чатырма лаўрэатамі міжнароднага конкурсу імя Чайкоўскага: Мікалаем Луганскім, Вадзімам Рудэнкам, Аляксандрам Князевым і Ліанай Ісакадзэ. У суправаджэнні таленавітага піяніста, лаўрэата міжнародных конкурсаў Юрыя Блінова выступіць шосты голас міжнароднага конкурсу "Спявак свету" Іва Ёрданава. На віцебскай сцэне ўпершыню на постсавецкай прасторы Аляксандр Князеў выканае на аргане Гольдберг-варыацыі Баха.
Традыцыйна падчас фестывалю праходзяць навуковыя чытанні, якія прысвечаны музычнай культуры Віцебска, творчай спадчыне І.І. Салерцінскага, актуальным пытанням мастацтвазнаўства.
Арганізатарамі фестывалю выступаюць упраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама і Віцебская абласная філармонія.
Алена Ціханава