«Унукі загінуўшых байцоў і ветэраны Беларусі і Расіі адкрылі помнік воінам 251-й дывізіі пад Віцебскам»

2 ліпеня, Віцебск /Сяргей Качатоў - БЕЛТА/. Цырымонія адкрыцця памятнага знака воінам 251-й стралковай дывізіі, якія загінулі пры вызваленні Віцебска, прайшла сёння ў Віцебскім раёне з удзелам унукаў загінулых байцоў і ветэранаў дывізіі з Беларусі і Расіі. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў старшыня віцебскага моладзевага грамадскага аб'яднання "Ваенна-патрыятычны клуб "Пошук" Анатоль Бурда. Удзел 251-й стралковай дывізіі ў аперацыі па вызваленні Віцебска заслугоўвае асаблівай увагі, таму клуб каля 20 гадоў вядзе пошук матэрыялаў аб злучэнні з сваякамі загінулых вайскоўцаў, адзначыў старшыня аб'яднання. У выніку менавіта ўнукі загінулых байцоў ініцыявалі стварэнне памятнага знака і знайшлі для гэтага фінансавыя сродкі. Манумент быў выраблены ў Расіі, віцебскія актывісты ўсталявалі яго і правялі добраўпарадкаванне тэрыторыі памятнага месца. Для ўдзелу ў урачыстай цырымоніі з Масквы прыехалі старшыня Савета ветэранаў дывізіі, кавалер ордэна Чырвонай Зоркі Капіталіна Васіліненка і ветэран злучэння, кавалер ордэна Леніна, кандыдат тэхнічных навук Аляксандр Уласаў, а таксама сем'і ўнукаў загінулых воінаў з Масквы і Ліпецка. Акрамя таго, спецыяльна на адкрыццё памятнага знака ў Віцебск прыбылі кіраўнікі пошукавых клубаў краін СНД, якія знаходзяцца ў паездцы па месцах правядзення аперацыі "Баграціён". Месца памятнага знака - вёска Шаркі Віцебскага раёна - выбрана не выпадкова: там прайшлі найбольш жорсткія баі з 17 па 21 чэрвеня 1944 года. Перад 39-й арміяй, у склад якой уваходзіла дывізія, была пастаўлена задача - правесці разведку боем агнявых кропак праціўніка. Падраздзяленні дывізіі пайшлі практычна навобмацак на, як аказалася, добра ўмацаваныя пазіцыі ворага, адзначыў Анатоль Бурда. За гэты перыяд страты дывізіі склалі каля 1,2 тыс. чалавек. Большасць з загінулых былі перапахаваныя ўжо ў пасляваенны час, у 90-х гадах, дзякуючы актыўнай працы віцебскіх пошукавікаў. У віцебскім ПТВ №19, пры якім дзейнічае ваенна-патрыятычны клуб "Пошук", створаны народны музей баявой славы Віцебскай Чырвонасцяжнай ордэна Суворава 215-й стралковай дывізіі.-0-