Ва ўсіх рэгіёнах Віцебскай вобласці будуць створаны камісіі па ацэнцы аб'ектаў культурнай спадчыны
18 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Ва ўсіх раёнах і гарадах Віцебскай вобласці будуць створаны камісіі па ацэнцы аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. Пра гэта паведаміў сёння на пасяджэнні выніковай калегіі ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама яго начальнік Уладзімір Церанцьеў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Па словах Уладзіміра Церанцьева, неабходнасць стварэння такіх структур абумоўлена недастатковай працай аддзелаў культуры гар- і райвыканкамаў па захаванні матэрыяльных і нематэрыяльных аб'ектаў культурнай спадчыны вобласці. Так, у 2010 годзе на разгляд абласной камісіяй аб'ектаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны далі матэрыялы толькі сем раёнаў (Талачынскі, Міёрскі, Лёзненскі, Аршанскі, Глыбоцкі, Гарадоцкі і Пастаўскі). "Але ні адзін з іх не адпавядае стандартам афармлення дакументаў", - канстатаваў начальнік упраўлення культуры.
Акрамя таго, абласная пракуратура ўстанавіла недахопы ў частцы падпісання ахоўных абавязацельстваў у Чашніцкім, Міёрскім, Браслаўскім, Талачынскім, Шумілінскім раёнах, выявіла правядзенне рамонтна-аднаўленчых работ без дазволу Міністэрства культуры ў Сенненскім і Бешанковіцкім раёнах. Слаба праводзіцца работа па ўстаноўцы ахоўных дошак у Браслаўскім, Лепельскім, Полацкім, Расонскім, Докшыцкім, Гарадоцкім, Ушацкім, Талачынскім, Шумілінскім і Бешанковіцкім раёнах. Таксама застаецца адкрытым пытанне нездавальняючага ўтрымання і выкарыстання паштовай станцыі ў вёсцы Пагрэбенка Сенненскага раёна.-0-