Вада і дарогі: з якімі пытаннямі звярталіся да Анатоля Ліневіча падчас прамой лініі і прыёму грамадзян у Талачыне
Цэнтралізаваным водазабеспячэннем забяспечаны яшчэ не ўсе гараджане. Так, жыхарка прыватнага сектара каля чыгуначнай станцыі і яшчэ некалькі сем'яў вымушаны хадзіць па ваду ў калодзеж, хоць ва ўсім мікрараёне індывідуальнай забудовы яна падведзена тры гады таму, прычым мясцовая камунальная служба зрабіла гэта бясплатна. Сёння ж пракладваннем сеткі водазабеспячэння займаецца толькі водаканал і на платнай аснове.
– Да дамоў мы падвядзем за свой кошт, нам толькі цэнтральную трубу трэба пракласці, але водаканал налічыў па 600 рублёў за сто метраў, а ў нас працягласць 750 метраў. На завулку пражываюць адны пенсіянеры і інваліды, дзе мы возьмем такія грошы? Засталіся нібыта на адшыбе, хоць усё жыццё працавалі на прадпрыемствах… – наракала жанчына.
Анатоль Ліневіч даручыў дырэктару мясцовага прадстаўніцтва службы водаканала перагледзець калькуляцыю, разам са старшынёй райвыканкама прапрацаваць усе магчымыя варыянты, каб зрабіць работы таннейшымі і пайсці насустрач людзям, але не ў страту прадпрыемству.
– Вядома, водазабеспячэнне, як газавае і электразабеспячэнне, сёння можна разглядаць толькі з камерцыйнага боку, але фактар справядлівасці павінен заставацца, – падкрэсліў Анатоль Канстанцінавіч.
Пытанне вады не менш актуальнае для вяскоўцаў. Напрыклад, жыхарка вёскі Заозер'е звярнулася за садзейнічаннем, каб паскорыць працэс перадачы водаправода ад ААТ «Коханава-Агра» на баланс водаканала, які зацягнуўся.
– Палова вёскі ўжо перададзена водаканалу, другая частка так і засталася ў ведамстве гаспадаркі. Вадаправодная сістэма зімой часта выходзіць з ладу. Ёсць пытанні і па пітной, і па тэхнічнай вадзе, але, па сутнасці, сёння нашы заяўкі ніхто не абслугоўвае, – падзялілася набалелым вяскоўка.
Анатоль Канстанцінавіч узяў вырашэнне праблемы пад кантроль, тым больш што ў траўні гэтага года грамадзянка ўжо звярталася з гэтым пытаннем у райвыканкам.
Дарожнае пытанне ўзнялі некалькі заяўнікаў, у асноўным яно тычыцца сельскай мясцовасці. Аднак ёсць праблема і ў самым Талачыне: пасля пракладвання газавай трубы ў прыватным сектары выканаўцы работ падсыпалі рачным пяском дарогу, якую пасля дажджоў моцна размывае. Па дадзенай скарзе Анатоль Ліневіч даручыў разабрацца адміністрацыі раёна, паколькі арганізацыя, якая выконвала работы, павінна забяспечыць і аднаўленне дарожнага палатна пасля завяршэння работ. А вось замена асфальтавага пакрыцця на сельскіх дарогах – справа, звязаная з бюджэтнымі сродкамі, таму патрабуе папярэдняга планавання і, адпаведна, не вырашаецца за адзін дзень.
Па садзейнічанне да памочніка Прэзідэнта людзі звярталіся не толькі з жыццёвымі пытаннямі (аднаўленне працы сельскага магазіна, аднаўленне пашпарта, прадастаўленне жылля для сіраты, афармленне спадчыны і г.п.), але і з ініцыятывамі. У прыватнасці, жыхар горпасёлка Коханава актыўна прасоўвае ідэю пазначэння месцаў сухапутных валокаў на шляху «з варагаў у грэкі», які пралягаў у тым ліку праз талачынскія землі.
– Сваю гісторыю важна ведаць і аднаўляць, – падтрымаў звярнуўшагася Анатоль Канстанцінавіч і даў даручэнне кіраўніку раёна вывучыць пытанне, пры неабходнасці выйсці на супрацоўніцтва з Беларускім універсітэтам культуры і мастацтваў.
З ініцыятывай ад прадстаўнікоў бізнесу звярнуўся ўладальнік прыдарожнага кафэ. Падтрымка мясцовай улады і дзяржавы дазваляе талачынскаму бізнесмену трымацца на плаву і развіваць сваё прадпрыемства. Ад імя калег і сябе асабіста ён прасіў разгледзець магчымасць зніжэння тарыфаў на электраэнергію для аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу, якія ва ўмовах пандэміі і закрыцця межаў адчулі ўдар па кашальку, а затраты на электраэнергію склалі большую частку выдаткаў. Памочнік Прэзідэнта паабяцаў перадаць прапанову бізнесмена ў Мінэнерга.
Пасля таго як Анатоль Ліневіч выслухаў і ўзяў пад кантроль кожную просьбу, агучаную па тэлефоне або падчас асабістага прыёму, ён сустрэўся з кадравым рэзервам райвыканкама і наведаў філіял «Талачынскія сыры» Віцебскага мясакамбіната, дзе пагутарыў з працоўным калектывам.