Вада на Віцебшчыне стане лепшай: вядзецца будаўніцтва станцый абезжалезвання
– У першую чаргу будуем там, дзе востра стаяла пытанне якасці пітной вады. Сёлета ўведзены ў эксплуатацыю восем аб'ектаў, яшчэ на пяці завершаны работы і на двух працягваюцца: у Бешанковічах і аграгарадку Вархі Гарадоцкага раёна, – распавёў начальнік аддзела капітальнага будаўніцтва і інвестыцый УП «Віцебскаблводаканал» Вадзім Прасолаў.
На гэтыя мэты прадугледжана 8,48 млн рублёў з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў, а таксама 5,4 млн долараў са сродкаў пазыкі Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця.
Апроч гэтага да 2022 года плануецца будаўніцтва яшчэ 80 станцый абезжалезвання невялікай прадукцыйнасці ў сельскіх населеных пунктах вобласці за кошт сродкаў Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР). Гэта дазволіць палепшыць якасць пітной вады для 30 тыс. жыхароў Віцебшчыны.
– Чаканы паказчык забяспечанасці спажыўцоў вадой нарматыўнай якасці на канец 2019 года складзе амаль 95%, але мы імкнемся да 100-працэнтнага забеспячэння насельніцтва чыстай вадой.
У 2020 годзе прадугледжваецца будаўніцтва 72 станцый абезжалезвання: 32 за кошт крэдытных сродкаў ЕБРР і 40 за бюджэтныя сродкі, – адзначыў Вадзім Пятровіч.
"Віцебскія весці". Фота з адкрытых крыніц.