Кіраваць трактарам і хадзіць пад ветразем вучаць у Гарадоцкім аграрна-тэхнічным каледжы

30 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Вадзіць трактар і хадзіць пад ветразем вучаць у Гарадоцкім аграрна-тэхнічным каледжы. З гэтага навучальнага года ў каледжы пачала працаваць першая ў вобласці секцыя паруснага спорту, расказаў карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара навучальнай установы Генадзь Валюшкевіч. Рэспубліканскі цэнтр Алімпійскай падрыхтоўкі па парусным спорце перадаў каледжу чатыры аднамясцовыя яхты і катэр. Цяпер рабяты пад кіраўніцтвам маладога выкладчыка, які прайшоў спецыяльную падрыхтоўку ў мінскім яхт-клубе, пачынаюць асвойваць мастацтва яхтынгу. Праўда, да ўдзелу ў якой-небудзь знакамітай марской рэгаце ім трэба будзе асвоіць тэарэтычную падрыхтоўку і даведацца, напрыклад, што пад ветразем можна хадзіць і супраць ветру. Сапраўдны яхтсмен павінен умець рамантаваць сваё судна і латаць ветразі - гэтаму таксама трэба будзе навучыцца будучым механікам і тэхнікам. Асаблівая ўвага надаецца фізічнай падрыхтоўцы. Па словах Генадзя Валюшкевіча, у каледжы маюць намер распрацаваць нават спецыяльныя трэнажоры для маладых яхтсменаў. Толькі паспяхова прайшоўшы гэтыя важныя этапы падрыхтоўкі, рабяты адправяцца на практычныя заняткі на возера Лосвіда, што за 5 км ад каледжа. Турыстычная база з аднайменнай назвай "Лосвіда" мае намер бязвыплатна прадаставіць каледжу ангар для захоўвання яхт і абсталяваць прычал. Дамоўленасць аб гэтым ужо дасягнута, паведаміў Генадзь Валюшкевіч. Выгада для арганізатараў адпачынку відавочная, бо рамантычныя яхты на адным з найпрыгажэйшых азёр Віцебшчыны змогуць прыцягнуць турыстаў. Па плане секцыі, першы спуск яхт на ваду пройдзе ў канцы вясны. Як адзначыў Генадзь Валюшкевіч, галоўная мэта новай секцыі - прывіць юнакам і дзяўчатам культуру здаровага ладу жыцця. Магчыма, хтосьці з іх дзякуючы каледжу зможа ажыццявіць і сваю мару аб моры. У 2010 годзе каледж адзначыць сваё 80-годдзе. Цяпер тут больш за 800 юнакоў і дзяўчат атрымліваюць сярэднюю спецыяльную адукацыю. Навучанне вядзецца па трох спецыяльнасцях: тэхнічнае забеспячэнне сельгасвытворчасці, энергетычнае забеспячэнне сельскагаспадарчай вытворчасці, матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне і сэрвіс АПК. Акрамя таго, навучэнцы каледжа атрымліваюць рабочыя прафесіі: кіроўца, трактарыст-машыніст, слесар па рамонце сельгасмашын і абсталявання, электраманцёр.-0-