Кіроўца, прадавец і трактарыст узначальваюць рэйтынг запатрабаваных прафесій у Віцебскай вобласці
На аднаго беспрацоўнага, які стаіць на ўліку ў цэнтры занятасці, прыпадае амаль 2 вакансіі. Прычым 85% вольных месцаў - гэта рабочыя спецыяльнасці. Прадпрыемствам рэгіёна патрабуюцца швачкі, зборшчыкі абутку, муляры, цесляры, кандуктары і кухары. Сярод спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй па-за канкурэнцыяй інжынеры і ўрачы.
Спецыялісты цэнтра занятасці не проста вядуць улік вакансій. Яны актыўна дапамагаюць грамадзянам, прафесійныя навыкі якіх аказаліся не запатрабаванымі, знайсці новае працоўнае месца. Усяго з пачатку года праз цэнтр занятасці працаўладкавана 9 тыс. 349 чалавек. Субсідыі для арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці выдзелены амаль 200 грамадзянам. Навучанне і перападрыхтоўку прайшлі больш за 900 чалавек. На аплатных грамадскіх працах было задзейнічана каля 2 тыс. 500 беспрацоўных.
У цяперашні час афіцыйны ўзровень беспрацоўя ў рэгіёне складае 0,8% ад колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва. На ўліку ў цэнтры занятасці стаіць 3 тыс. 531 чалавек. Як правіла, гэта асобы з нізкай прафесійнай падрыхтоўкай, якія могуць быць памочнікамі рабочымі, уборшчыкамі і грузчыкамі. Што тычыцца спецыялістаў, то на рынку працы Віцебскай вобласці адзначаецца перавышэнне колькасці бухгалтараў, эканамістаў, машыністаў кацельні і паляводаў.