Водны турызм маюць намер развіваць Орша і Смаленск у рамках прыгранічнага супрацоўніцтва
Па ініцыятыве асацыяцыі «Агенцтва інтэграцыйных ініцыятыў» Смаленска пры падтрымцы Аршанскага райвыканкама, Адміністрацыі горада Смаленска і Віцебскага аддзялення БелГПП прайшоў круглы стол.
Па словах саветніка кіраўніка Смаленска Віталя Галіцкага, дыскусія ў яго рамках дазволіць выпрацаваць канкрэтныя прапановы і праекты па ўдасканаленні памежнага супрацоўніцтва паміж Расіяй і Беларуссю.
У тым ліку ў сферы турызму, якой удзельнікі мерапрыемства надалі асаблівую ўвагу. Тэмай нумар адзін стала выкарыстанне Дняпра ад яго вытокаў да Оршы. Цеплаходы і катэры з турыстамі – гэта адно. Але павінна быць развітая і інфраструктура ў выглядзе партоў, прычалаў з гасцініцамі, кафэ і г. д. Суседзі ўпэўненыя: пасажырскае суднаходства паміж Смаленскам і Оршай дасць штуршок развіццю воднага турызму.
Удзельнікі круглага стала актыўна абмяркоўвалі і пытанні ўзаемадзеяння ў медыцыне, адукацыі. У прыватнасці, два бакі падтрымалі прапанову аб праходжанні практыкі студэнтаў-медыкаў паўночнага рэгіёна Беларусі на базе Смаленскага медыцынскага ўніверсітэта і каледжа, і наадварот.