Ваенна-спартыўная гульня "Зарніца" збярэ 26-27 мая школьнікаў Віцебскай вобласці

14 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. XI Ваенна-спартыўная гульня "Зарніца" збярэ 26-27 мая школьнікаў Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным камітэце БРСМ. Удзельнікамі мерапрыемства стануць 25 каманд, якія прадстаўляюць усе рэгіёны вобласці, - усяго больш за 120 падлеткаў. Адстойваць званне наймацнейшых каманды будуць на базе віцебскага аэраклуба імя А.К.Гараўца. Для гэтага ім давядзецца выканаць марш-кідок з перашкодамі, паспаборнічаць у конкурсе строю і песні, аформіць баявы лісток "Зарнічныя будні". Традыцыі і падзеі гульні ўдзельнікам трэба будзе раскрыць у конкурсе мастацкай самадзейнасці "І зноў нас "Зарніца" сабрала". Інтэлектуальны патэнцыял юнакоў і дзяўчат члены журы ацэняць падчас віктарыны "Старонкі гісторыі Айчыны" на веданне гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, дзяржаўных святаў і памятных дат краіны. Яшчэ адным чаканым конкурсам, адшліфаваць па якім свае тэарэтычныя веды і практычныя ўменні рабяты змогуць загадзя, стане спаборніцтва па медыка-санітарнай падрыхтоўцы. Апошнім жа рубяжом "Зарніцы" будзе гульня на мясцовасці, умовы правядзення якой паведамляюць удзельнікам непасрэдна перад яе правядзеннем. Узнагароджанне пераможцаў дыпломамі і прызамі адбудзецца 27 мая. Мерапрыемства, прысвечанае 66-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, заклікана садзейнічаць патрыятычнаму выхаванню моладзі, а таксама фарміраванню актыўнай жыццёвай пазіцыі і маральна-волевых якасцей школьнікаў. Арганізатарамі гульні выступаюць абласны камітэт БРСМ, абласны савет ДТСААФ, упраўленні адукацыі, аховы здароўя, аддзел па справах моладзі і ўпраўленне фізічнай культуры, спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама.-0-